Вы тут

Калега Шакуты, які сышоў з яго зала: "Ён нармальны быў. Не ведаю, што адбылося"

Сяргей Шыманскі / fightershop.by

Сяргей Шыманскі — чэмпіён Еўропы сярод прафесіяналаў па муай-тай. Да апошняга часу Сяргей працаваў трэнерам у клубе адзінаборстваў "ШОК", але ў жніўні сышоў: не змог там больш. Галоўны трэнер гэтага клуба — Дзмітрый Шакута, якога часта згадваюць у сувязі з канфліктам на "Плошчы Перамен", які прывёў да смерці Рамана Бандарэнкі.

— Што магу сказаць? Чалавек на відэа падобны да Шакуты. Але на сто адсоткаў я не ўпэўнены. Як-ніяк, на людзях надзетыя маскі, — адказвае на пытанне Еўрарадыё Сяргей Шыманскі.

Скрыншоты з відэа з "Плошчы Перамен" і фатаграфія Шакуты з байкерамі (у цэнтры — экс-міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч)

З Дзмітрыем Шакутам Сяргей Шыманскі знаёмы даўно. Калі б не палітыка, іх шляхі б не разышліся.

— Я працаваў у клубе "ШОК" каля пяці гадоў. Рабіў перапынак, працаваў у Маскве трэнерам. Потым убачыў навіны з Мінска [жнівеньскія падзеі. —Еўрарадыё], сабраў рэчы і спакойна, без скандалаў сышоў з клуба. Перайшоў, так бы мовіць, на "белы" бок. Я лічу, што Лукашэнка заседзеўся, — вось мая пазіцыя.

З Дзмітрыем знаёмы вельмі даўно, з 14 гадоў. Ён заўсёды быў нармальным, кампанейскім хлопцам. Не ведаю, што з ім цяпер адбылося. Тое, што ён казаў наконт Пракоп'ева, і тое, якую ён цяпер заняў пазіцыю, мне незразумела.

Першы злева — Шакута, другі злева — Шыманскі / фота з сацсетак

У той злашчасны вечар на "Плошчы Перамен" побач з чалавекам, падобным да Шакуты, быў заўважаны яшчэ адзін чалавек у масцы. Ён падобны да старшыні Федэрацыі хакея Беларусі Дзмітрыя Баскава.

Дзмітрый Баскаў і два чалавекі ў масках, падобныя да Дзмітрыя Баскава і Дзмітрыя Шакуты

Дзмітрый Шакута гуляе ў хакейнай камандзе Баскава. Але Сяргею Шыманскаму пра кантакты Баскава і Шакуты па-за хакейнай пляцоўкай нічога не вядома:

— З Баскавым я іх раней не сустракаў, хакеем я не цікаўлюся, ды і наогул пра тое, хто такі Баскаў, я даведаўся нядаўна.

Тое, што цяпер адбываецца на беларускіх вуліцах, Сяргей рашуча асуджае. Па яго словах, сілавікоў разам з Шакутам ён не трэніраваў.

— У клубе я працаваў звычайна ў другую змену, трэніраваў дзяцей. Калі і былі ў клубе сілавікі, то я з імі не меў зносін. Гвалт у адносінах да мірных пратэстоўцаў з боку органаў асуджаю. Вельмі станоўча стаўлюся да ліста супраць гвалту, які падпісалі шмат беларускіх спартсменаў. Я б і сам падпісаў гэты зварот. Але па шэрагу прычын гэтага зрабіць не магу.

Тыя, хто нанёс Раману Бандарэнку смяротныя траўмы, да гэтага часу не знойдзены. Наколькі вядома Еўрарадыё, пакуль што не пачата нават крымінальная справа па факце яго смерці.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.