Вы тут

Інфекцыяніст з БелМАПА: адчуванне, што заражаных больш, чым калі

Сітуацыя з захворвальнасцю на COVID-19 складанейшая ў Мінску і Гомельскай вобласці / TUT.BY​

Трэцяя хваля захворванняў на COVID-19 паступова нарастае, заявіў у эфіры Беларускага тэлебачання загадчык кафедры інфекцыйных хвароб і дзіцячых інфекцый БелМАПА Юрый Горбіч.

"У стацыянарах канцэнтруюцца новыя цяжкія пацыенты, там жа заканчваюць лячэнне і захварэлыя падчас другой хвалі. З'яўляецца адчуванне, што заражаных больш, чым калі", — сказаў спецыяліст.

Горбіч уваходзіць у маніторынгавую групу па каранавірусе, адпаведна, валодае інфармацыяй па сітуацыі з захворваннем у розных рэгіёнах. Па яго словах, трохі складанейшая сітуацыя ў Мінску, "як горадзе з большай шчыльнасцю насельніцтва" і ў Гомельскай вобласці.  Але ў астатніх рэгіёнах узровень захворвання прыблізна аднолькавы — "усё астатняе больш-менш роўна", адзначыў спецыяліст. 

Як будзе развівацца сітуацыя далей, па словах Юрыя Горбіча, стане ясна ў найбліжэйшыя тыдні.

"Цалкам магчыма, што ў нас будзе вельмі высокі ўсплёск. З іншага боку, можа быць, што ён застанецца на вельмі пакатым пагорку, які паволі спаўзе на тое самае плато, пра якое ўсе кажуць", — сказаў інфекцыяніст.

Ён чарговы раз нагадаў аб неабходнасці выконваць меры засцярогі — пазбягаць людных месцаў, насіць маскі і трымаць сацыяльную дыстанцыю, а таксама па магчымасці рэкамендаваў вакцынавацца.

Раней міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч казаў пра рост колькасці пацыентаў з COVID-19, якім патрэбная шпіталізацыя. Іх больш, чым у первыую і другую хвалю. Пры гэтым, па словах міністра, "лавінападобнага росту" інфікаваных пакуль няма.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.