Грамату пра наданне герба Дзісне прадалі на расійскім аўкцыёне

Грамата пра наданне герба Дзісне

Грамата пра наданне герба Дзісне / Аўкцыённы дом "Літфонд"

На расійскім аукцыёне прадалі грамату XVI стагоддзя пра наданне герба Дзісне. Дакумент датуецца 1567 годам. Ён выдадзены ад імя вялікага князя Жыгімонта Аўгуста.

"Даем тому месту Дисненскому герб Три вежи з муру, который герб и на сем листе нашом вымалевать есьмо казали", — гаворыцца ў грамаце.

Старажытны артэфакт прадалі за прыкладна 8,5 тысяч долараў. Аукцыён адбыўся 16 лістапада, імя пакупніка невядомае. Верагодна, дакумент паходзіць з бібліятэкі Тышкевічаў, публікавалі яго ў Актах Віленскай археаграфічнай камісіі ў 1886 годзе.

Дарэчы, у той жа дзень на аўкцыёне былі прададзеныя яшчэ два дакументы з архіва Тышкевічаў, звязаныя з беларускай гісторыяй. Прыкладна за 6 тысяч долараў былі прададзеныя грамата вялікага князя літоўскага і караля польскага Жыгімонта III Якаву Мілеўскаму на землі ў Віленскім ваяводстве, а таксама грамата вялікай княгіні літоўскай і каралевы польскай Боны Сфорцы манастыру святых пакутнікаў Барыса і Глеба ў Гродне.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі