Гаўбіцы і іншыя нішцякі ад Захаду, якімі УСУ будуць кашмарыць войскі РФ
Украіна мае патрэбу ў артылерыйскіх устаноўках — і яна іх хутка атрымае / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Высокадакладныя снарады, зенітныя ўстаноўкі, сістэмы залпавага агню — расказваем і паказваем, якім узбраеннем цывілізаваны свет дапамагае Украіне змагацца з расійскай агрэсіяй.
ЗША
21 красавіка Байдэн не толькі паабяцаў Украіне 800 мільёнаў долараў фінансавай дапамогі, але і анансаваў пастаўку лёгкіх буксаваных 155-міліметровых гаўбіц М777.
Максімальная далёкасць стральбы М777 — 24,7 кіламетра са стандартнымі снарадамі і 30 кіламетраў з EFRB — асколачна-фугаснымі паўнаствольнымі снарадамі павялічанай далёкасці. Яшчэ адна опцыя такой гаўбіцы — стральба кіраванымі артылерыйскімі снарадамі M982 Excalibur.
Снарад M982 Excalibur абсталяваны GPS-навядзеннем. Максімальная далёкасць дзеяння боепрыпасу — 40 кіламетраў, а хібнасць пападання ўсяго 4-5 метраў. Услед за ЗША гаўбіцы М777 і "Экскалібуры" ва Украіну пачала пастаўляць Канада.
Але гэта не ўсё! У дадатак ЗША адпраўляюць мабільныя радыёлакацыйныя станцыі AN/TPQ-36. Гэтыя сродкі контрбатарэйнай барацьбы вызначаюць па траекторыі варожых снарадаў, дзе знаходзіцца праціўнік, і перадаюць яго каардынаты артылерыстам або аператарам рэактыўных сістэм залпавага агню. Напрыклад, такім сістэмам, як M142 HIMARS, якія Злучаныя Штаты таксама адпраўляюць Украіне. Максімальная далёкасць палёту боепрыпасу з M142 HIMARS — 92 кіламетры.
"Сціплым" камплектам да ўсяго пералічанага ідуць 144 тысячы артылерыйскіх снарадаў і 121 баражавальны беспілотнік-камікадзэ Phoenix Ghost.
Германія
Немцы даюць зялёнае святло на пастаўку Украіне зенітных самаходных установак Gepard. Зенітка прызначана для прыкрыцця наземных войскаў ад паветраных, наземных і надводных цэляў. Абсталяваны "Гепард" дзвюма 35-міліметровымі гарматамі і кулямётам MG3 калібру 7,62 мм.
Акрамя таго, міністр абароны ФРГ абяцае, што ўкраінскіх артылерыстаў будуць вучыць абыходзіцца з новымі ўзорамі ўзбраення на тэрыторыі Германіі. Дапамагаць у гэтым будуць спецыялісты з ЗША і Нідэрландаў.
Вялікабрытанія
Англічане перадумалі наконт паставак ва Украіну састарэлых брытанскіх артылерыйскіх установак AS-90. Для барацьбы з расійскім агрэсарам Вялікабрытанія перадасць бронетранспарцёры Stormer, абсталяваныя хуткаснымі кіраванымі ракетамі Starstreak. "Старстрэкі" б'юць на вышыні да 5 кіламетраў, могуць паражаць звышгукавыя самалёты і нізкалётныя ўдарныя верталёты.
Францыя
Французы перадаюць Украіне самаходныя 155-мм артылерыйскія ўстаноўкі CAESAR. Калі выкарыстоўваць актыўна-рэактыўны снарад, то гэтая САУ здольная паражаць цэлі на адлегласці да 42 кіламетраў.
Бельгія
Па частцы дапамогі артылерыяй не адстаюць і бельгійцы. Яны абяцаюць адправіць на ўкраінскі фронт 155-мм САУ M109A4BE — мадыфікацыю M109A4.
Нідэрланды
Галандцы аддаюць на ўзбраенне УСУ самаходныя 155-мм артылерыйскія ўстаноўкі PzH 2000 — "Панцэргаўбітцэ". Далёкасць эфектыўнага агню звычайнымі боепрыпасамі — 30 кіламетраў, для актыўна-рэактыўных — да 41 кіламетра.
Польшча
Пасільны ўнёсак у барацьбу з войскамі РФ робіць Польшча, адпраўляючы ва Украіну савецкія 122-міліметровыя САУ 2С1 "Гваздзік" (далёкасць стральбы 15 з невялікім кіламетраў) і РСЗА БМ-21 "Град" з максімальнай далёкасцю стральбы да 21 кіламетра.
Чэхія
Чэхія расчахляе і адпраўляе свае 152-мм самаходныя гарматы-гаўбіцы Dana ShKH vz. 77 і іх мадэрнізаваны варыянт — DANA M2. Акрамя гаўбіц, чэхі дораць Украіне чэхаславацкую версію "Градаў" — RM-70.
Славакія
Славакі не пашкадавалі свае 155-мм дальнабойныя артылерыйскія ўстаноўкі ZUZANA. "Сюзана" дастане ворага на адлегласці да 39,6 кіламетра — зразумела, у залежнасці ад боепрыпасу, які выкарыстоўваецца.
Эстонія
Эстонцы таксама дапамаглі як маглі: ад іх ва Украіну едуць савецкія буксаваныя 122-мм гаўбіцы Д-30.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.