Галоўная лекарка стаўбцоўскай бальніцы: памерлі толькі 7 пацыентаў з COVID-19

Святлана Глебка / Mlyn.by
Святлана Глебка / Mlyn.by

У Стаўбцоўскім раёне за час пандэміі каранавірусу загінула 7 чалавек з пацверджаным COVID-19. Пра гэта галоўны ўрач цэнтральнай раённай бальніцы Святлана Глебка распавяла ў інтэрв'ю выданню "Млын".

Па яе словах, з моманту ўспышкі праз бальніцу прайшло 260-270 пацыентаў з пнеўманіямі. Але цяпер, кажа лекарка, абстаноўка стабілізавалася: у шпіталі з запаленнем лёгкіх знаходзіцца 119 чалавек:

"Пнеўманій шмат, усяго 150 выпадкаў. Але вы разумееце, яны доўга лечацца. У папярэдні перыяд да нас паступала па 30 чалавек з пнеўманіяй у суткі. Зараз у сярэднім 8. Мы ўжо выпісваем здаровых пацыентаў. Учора, напрыклад, выпісалі 30 чалавек. Сёння — 19. Гэта не толькі каранавірусная пнеўманія. Сёння ўвесь наш інфекцыйны шпіталь адкрыты на 159 ложкаў. Практычна ўсе яны былі занятыя гэтымі пнеўманіямі, сёння засталося 119 чалавек".

Святлана Глебка распавядае, што лякарня першапачаткова была гатовая да наплыву пацыентаў з каранавірусам. З пачатку сакавіка аддзяленні абсталявалі кіслародам, медыкам закупілі сродкі індывідуальнай абароны. Калі хворых стала вельмі шмат ( а Стоўбцы сталі эпіцэнтрам эпідэміі COVID-19 у Мінскай вобласці), было прынята рашэнне адкрыць інфекцыйны шпіталь, некаторых пацыентаў везлі ў бальніцы суседніх раёнаў.

"Нават пры наяўнасці такой падрыхтаванай базы разумелі, што, калі не даставім чалавека ў іншы раён, дзе няма такога напружання, мы яго проста страцім. Вазілі — дзякуй калегам — і ў Валожын, і ў Капыль, і ў Мар'іну Горку, і ў Салігорск. Такім чынам, мы ратавалі людзей, якім патрэбна была рэанімацыйная дапамога. Мы палічылі, што накіравалі ў іншыя рэгіёны 60-70 чалавек. Сярод іх былі і пацверджаныя пнеўманіі, і верагодныя", — кажа лекарка.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі