Вы тут

ЕС павінен увесці санкцыі ў дачыненні да суддзяў, пракурораў і следчых — Латушка

Дом правасуддзя ў Мінску / з архіву Еўрарадыё​

Пашырыць санкцыйныя спісы ЕС, унесці ў іх суддзяў і пракурораў, якія датычныя да вынясення несправядлівых прысудаў, заклікаў Еўрапейскі Саюз кіраўнік Народнага антыкрызіснага кіравання Павел Латушка.

Прынятыя да гэтага часу санкцыі, па яго ацэнцы, не маюць належнага эфекту.

"Гэта касметычныя меры... Санкцыі не з'яўляюцца самамэтай, але яны павінны быць інструментам ціску на Лукашэнку, каб ён, нарэшце, перастаў мучыць беларускі народ. Санкцыі павінны прымусіць рэжым ўступіць у перамовы", — сказаў Латушка ў інтэрв'ю нямецкаму выданню Welt am Sonntag, перадае БелаПАН. Ён таксама адзначыў, што Лукашэнка можа пайсці на дыялог з народам "толькі пад ціскам".

Беларуская грамадзянская супольнасць ўдзячна ЕС за салідарнасць, "але для нас важныя дзеянні", сказаў кіраўнік НАЎ. Такімі дзеяннямі маглі б стаць меры ў дачыненні да суддзяў, якія выносяць несправядлівыя прысуды.

"Гэта каля 400 чалавек. Многія пракуроры і следчыя таксама павінны трапіць пад санкцыі. Да гэтага часу не было распачата ні адной справы аб забойствах мірных беларусаў", — сказаў Латушка. На ягоную думку, "санкцыі павінны быць мэтанакіраванымі і адчувальнымі для рэжыму".

Пасля прэзідэнцкіх выбараў і жорсткага падаўлення пратэстаў, ЕС прыняў тры пакета санкцый у дачыненні да прадстаўнікоў беларускай улады. У іх трапілі каля 90 чалавек: Аляксандр Лукашэнка, сілавікі, чыноўнікі Цэнтрвыбаркама, дзяржаўныя прапагандысты і некаторыя бізнесмены, а таксама сем юрыдычных асоб.

У канцы лютага вярхоўны прадстаўнік ЕС па знешняй палітыцы і палітыцы бяспекі Жозеп Барэль заявіў, што Еўрасаюз пачаў падрыхтоўку чацвёртага пакета санкцый супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Мяркуецца, што ў новым спісе будзе 165 імёнаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.