Вы тут

Еўрасаюз пачаў разгляд чацвёртага пакета санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі

Жазэп Барэль / Reuters

Еўрасаюз пачаў падрыхтоўку чавёртага пакета санкцыяў супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Пра гэта вярхоўны прадстаўнік ЕС па знешняй палітыцы і палітыцы бяспекі Жазэп Барэль заявіў на на прэс-канферэнцыі па выніках сустрэчы Савета міністраў замежных спраў краін ЕС у Бруселі.

"У Беларусі працягваецца ўзмацненне рэпрэсій, працягваецца пераслед людзей і грамадзянскай супольнасці. Мы разглядаем магчымасць прыняцця далейшых санкцый, а тым часам мы працягнем падтрымку беларускага народа ў яго законным імкненні да дэмакратыі, падтрымліваючы грамадзянскую супольнасць і ўводзячы санкцыі супраць тых, хто адмаўляе асноўныя палітычныя правы", — цытуе TUT.by словы Барэля.

Ад пачатку кастрычніка да Новага года Еўрасаюз прыняў тры пакеты санкцыяў супрць прадстаўнікоў беларускага рэжыму. У іх трапілі 90 чалавек — Аляксандр Лукашэнка, сілавікі, чыноўнікі Цэнтрвыбаркама, дзяржаўныя прапагандысты і некаторыя бізнэсоўцы, а таксама сем юрыдычных асобаў. 

Раней каманда Святланы Ціханоўскай заяўляла, што разгляду чацвёртага пакета санкцый чакае напрыканцы лютага — на пачатку сакавіка. Мяркуецца, што ў новым спісе будзе 165 імёнаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.