Былы міністр пацвердзіў, што Беларусь не вярнула Венесуэле амаль $1,5 млрд

Беларусы ад пачатку не збіраліся вяртаць гэтыя грошы / Ілюстрацыйнае фота pixabay.com
Беларусы ад пачатку не збіраліся вяртаць гэтыя грошы / Ілюстрацыйнае фота pixabay.com

Былы міністр нафты і горназдабыўной прамысловасці Венесуэлы Рафаэль Рамірэс пацвердзіў, што Беларусь не вярнула яго краіне амаль $1,5 млрд. Гэта доўг за пастаўкі нафты, якія адбыліся яшчэ за часамі Уга Чавеса.

Напярэдадні Беларускі расследніцкі цэнтр сумесна з венесуэльскім выданнем Armando.Info і Цэнтрам па расследаванні карупцыі і арганізаванай злачыннасці OCCRP апублікаваў расследаванне на гэтую тэму. Пасля яго з'яўлення і загаварыў Рамірэс, які працаваў ва ўрадзе ў 2002-2013 гадах. Ён сцвярджае, што кантракт на пастаўку нафты Беларусі быў нявыгадны для Венесуэлы, але яго ўсё роўна падпісалі.

"Перш за ўсё, Лукашэнка сказаў Чавесу, што ён хоча стаць незалежным ад расіян, таму што расіяне да гэтага моманту пастаўлялі яму ўсю нафту, у якой ён меў патрэбу, і рабілі гэта ў асноўным па трубаправодзе", — гаворыць экс-міністр. Паводле яго слоў, частку аплаты за нафту планавалі абмяняць на працу, якую беларусы выконвалі ў Венесуэле (будаўніцтва і іншае). Але ў нейкі момант беларусы гэтае патрабаванне не выканалі.

"Тое, што вы кажаце пра суму 1,4 мільярда, для мяне гучыць хутчэй як 2 мільярды, менавіта гэтая сума ў мяне ў галаве, — кажа Рафаэль Рамірэс. — ...У нейкі момант яны пачалі адмаўляцца плаціць. Асабліва калі прэзідэнт Чавес быў хворы. Калі Чавес памёр, першае, што я сказаў Нікаласу Мадура, гэта тое, што ёсць абавязак Беларусі перад Венесуэлай, ён задакументаваны, ёсць дакументы, і вы, як прэзідэнт, павінны аказаць ціск. Мадура нічога не зрабіў. Я памятаю, як падчас турнэ Мадура паехаў у Беларусь і не пусціў мяне на сустрэчу, бо ведаў, што я збіраюся спагнаць гэты доўг". 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі