Расследаванне: як Лукашэнка застаўся вінны Венесуэле амаль $1,5 млрд

Расследование: как Лукашенко остался должен Венесуэле почти $1,5 млрд

Паміж Беларуссю і Венесуэлай ёсць не толькі сяброўства, але і таямніца. І не з танных — амаль на паўтара мільярда долараў. Беларускі расследніцкі цэнтр сумесна з венесуэльскім выданнем Armando.Info і Цэнтрам па расследаванні карупцыі і арганізаванай злачыннасці OCCRP знайшоў сакрэтныя дакументы, якія кажуць, што ў Беларусі перад Венесуэлай ёсць немалы доўг за пастаўкі нафты, якія адбыліся яшчэ за часамі Уга Чавеса.

Аднойчы ў Венесуэле

Некаторы час таму крыніца з беларускіх дзяржорганаў перадала БРЦ дакументы, з якіх вынікае, што Беларусь дагэтуль цалкам не разлічылася за венесуэльскую нафту. Хоць атрымала яна яе больш за 10 гадоў таму, яшчэ за часамі прэзідэнцтва Уга Чавеса. Сума доўгу прыстойная: амаль $1,5 млрд.

У БРЦ ёсць копія дакумента, датаванага вераснем 2015 года, які рыхтавалі да нарады прэм'ер-міністра Беларусі. Ён сведчыць, што беларускія ўлады зусім не збіралася вяртаць Венесуэле гэтыя грошы. Калі коратка, там гаворыцца, што Мінск вырашыў "разглядаць запазычанасць не як беларускую запазычанасць, а як дапамогу Баліварыянскай Рэспублікі Венесуэла".

Расследование: как Лукашенко остался должен Венесуэле почти $1,5 млрд
Расследование: как Лукашенко остался должен Венесуэле почти $1,5 млрд
Расследование: как Лукашенко остался должен Венесуэле почти $1,5 млрд

Журналісты з OCCRP паспрабавалі высветліць, ці плануе Венесуэла патрабаваць гэтую запазычанасць, і накіравалі запыт у дзяржаўную нафтагазавую кампанію Венесуэлы PDVSA, але пакуль адказу не атрымалі.

Генеральны дырэктар "Беларускай нафтавай кампаніі" Міхаіл Касцячко, калі яму патэлефанавалі з БРЦ, таксама нічога не пракаментаваў, таму што, па яго словах, наогул не ведае, пра якую запазычанасць гаворка.

Але ў дакументах, якія ёсць, ясна сказана, што гэта за запазычанасць і адкуль яна ўзялася. Гаворка пра дзевяць мільёнаў тон нафты, якая па дамоўленасці з Венесуэлай пачала пастаўляцца ў Беларусь у разгар "энергетычнай вайны" з Расіяй.

Справа была ў 2010 годзе. Тады Крэмль не ішоў на саступкі па аб'ёмах бяспошлінных паставак сыравіны для беларускіх НПЗ. Уладзімір Пуцін спрабаваў такім чынам загнаць Беларусь у Еўразійскі саюз на сваіх умовах. Лукашэнка супраціўляўся і паляцеў да Чавеса, з якім дамовіўся пра альтэрнатыўныя пастаўкі нафты.

Дамоўленасцяў удалося дасягнуць у тым ліку дзякуючы сяброўскім адносінам Лукашэнкі і Чавеса. Бо дапамогу адна адной дзве краіны аказвалі да таго моманту прыкметную: Беларусь дапамагла распрацаваць венесуэльскую сістэму СПА, а Венесуэла, у сваю чаргу, вылучыла Беларусі крэдыт на $500 млн.

Пасля гэтага паміж краінамі з'явіліся дамоўленасці і пра пастаўкі тэхнікі, і пра здабычу нафты, і пра будаўніцтва жылля і заводаў — увогуле, Мінск і Каракас абвясцілі пра стратэгічнае партнёрства. Таму не дзіўна, што, калі Пуцін заганяў Лукашэнку ў Еўразійскі саюз, змяншаючы колькасць субсідыяванай нафты для Беларусі, кіраўнік апошняй вырашыў знайсці іншыя крыніцы вуглевадароднай сыравіны. Але самае цікавае тут — гэта цана, па якой Каракас пастаўляў Мінску нафту, і ўмовы аплаты тавару.

Паводле кантракта "Беларуская нафтавая кампанія" купляла ў венесуэльскай PDVSA 30 млн тон нафты гатунку "Санта-Барбара" або іншага гатунку па дамоўленасці ў 2011-2013 гадах. Сыравіна паступала праз парты Чорнага і Балтыйскага мораў на беларускія заводы ў Мазыры і Наваполацку.

80% кошту нафты БНК аплачвала на рахунак PDVSA не пазней за 35 каляндарных дзён з даты афармлення накладной. А астатнія 20% акумуляваліся ў выглядзе абавязанняў пакупніка перад прадаўцом. Форма выканання абавязанняў вызначалася ўрадамі Венесуэлы і Беларусі.

Груба кажучы, Беларусь атрымала зніжку на венесуэльскую нафту, паабяцаўшы аплаціць пятую частку кошту пазней, але так і не зрабіла гэтага.

У момант, калі танкеры з нафтай паплылі ў Беларусь, венесуэльцы яшчэ не падазравалі, што з імі не разлічацца. І разам з беларусамі пастараліся скараціць выдаткі на дастаўку тавару. Была выкарыстаная такая схема: венесуэльская кампанія PDVSA прадавала "Санта-Барбару" ў сваіх партах азербайджанскай кампаніі "Сокар", а на беларускія заводы замест "Санта Барбары" ішла азербайджанская нафта маркі "Азеры Лайт".

Расследование: как Лукашенко остался должен Венесуэле почти $1,5 млрд

Нягледзячы на ўсе намаганні па патанненні транспартавання, паводле дадзеных Белстата, расійская нафта ўсё роўна абыходзілася Беларусі танней, чым венесуэльская і азербайджанская. Аднак ад супрацоўніцтва з Каракасам і Баку Мінск атрымаў свае выгады: Лукашэнку ўдалося выгандляваць у Пуціна бяспошлінныя пастаўкі нафты.

З 2010 па 2012 год Беларусь купіла ў PDVSA больш за 9 млн тон сыравіны і заплаціла за іх каля $7 млрд.

Потым у стасунках Лукашэнкі і Пуціна наступіла пацяпленне, і Беларусь перастала купляць нафту ў Венесуэле. І доўг, які ўтварыўся па кантрактах — 20% ад кошту нафты, або амаль $1,5 млрд, — так за 10 гадоў і не выплацілі. Венесуэла прапаноўвала пагасіць яго, перадаўшы ёй частку акцый "Нафтана", "Мінскага аўтамабільнага завода" і "Беларускага металургічнага завода". Беларусь жа прапанавала вярнуць грошы беларускімі таварамі. Але гэта кулуарна. А публічна запазычанасці нібыта не існавала.

Расследование: как Лукашенко остался должен Венесуэле почти $1,5 млрд
Расследование: как Лукашенко остался должен Венесуэле почти $1,5 млрд

"Уся гэтая гісторыя з нафтай вылілася ў тое, што Беларусь правяла ўгоду па нярынкавай цане. То-бок яна на гэтым вельмі сур'ёзна сэканоміла, недаплаціла Венесуэле дастаткова сур'ёзную суму. І цяпер гэта запазычанасць з пункту гледжання Венесуэлы і падарунак з пункту гледжання Беларусі. Гэты доўг з'яўляецца пастаяннай тэмай беларуска-венесуэльскіх перамоў", — пракаментаваў сітуацыю Анатоль Котаў, былы дыпламат і супрацоўнік Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі.

Нягледзячы на тое, што перамовы пра выплату Мінскам грошай Каракасу вядуцца дагэтуль, венесуэльскі бок, відавочна, афіцыйна ніякіх прэтэнзій Беларусі так і не выстаўляе. Калі Венесуэла захоча вярнуць доўг, то можа звярнуцца ў міжнародны суд, і той можа пастанавіць спагнаць гэтыя грошы. Каракас мог бы накіраваць сродкі, да прыкладу, на выплаты людзям, якія жывуць у нястачы ў сваёй краіне: узровень дабрабыту насельніцтва сёння досыць нізкі.

Справа тэхнікі

Нафта — гэта не адзінае, на чым спрабавалі зарабіць у Венесуэле беларускія ўлады. Былі і іншыя праекты. Да прыкладу, па дамоўленасці паміж Лукашэнкам і Чавесам Беларусь пастаўляла ў Венесуэлу тэхніку, у прыватнасці трактары. За іх, як высветлілі ў БРЦ, Беларусь атрымала больш чым $270 млн.

Расследование: как Лукашенко остался должен Венесуэле почти $1,5 млрд

Мяркуючы па экспартных дадзеных за 2008—2014 гады, прадавалі трактары Каракасу па спецыяльнай цане — прыкладна ў 2 разы вышэйшай за рынкавую. Да прыкладу, пакуль Куба, Нікарагуа і Эль-Сальвадор у 2011 годзе куплялі беларускі трактар за $15-17 тысяч, у Венесуэлу яны ішлі па $45 тысяч.

БРЦ патэлефанаваў на Мінскі трактарны завод, каб даведацца, што за трактары пастаўлялі ў Венесуэлу, але там размаўляць не захацелі.

"Давайце адразу скончым размову. Не будзем мы для вас нічога каментаваць", — заявіў прадстаўнік МТЗ.

А вось іншыя сумесныя з Венесуэлай праекты, звязаныя з тэхнікай, аказаліся менш паспяховымі. Да прыкладу, заводы па зборцы трактароў "Беларус" і грузавікоў МАЗ пачалі будаваць у штаце Барынас у снежні 2010 года і скончылі ў рэкордныя тэрміны — усяго праз паўтара года. Агульны кошт праектаў ацэньваўся ў $55 млн.

Кожны год на прадпрыемствах планавалі выпускаць 10 тысяч трактароў і 5 тысяч грузавікоў. Беларусь і Венесуэла хацелі збываць прадукцыю не толькі мясцовым фермерам, але і суседнім краінам. Але не склалася. У 2017 заводы прыпынілі сваю працу — у Венесуэле пачаўся эканамічны крызіс. За пяць гадоў на трактарным заводзе ў Венесуэле сабралі ўсяго каля трох тысяч машын. Прыкладна такая ж сітуацыя склалася і на заводзе па зборцы грузавікоў.

Супрацоўнікі БРЦ паспрабавалі высветліць на МТЗ і МАЗ, што цяпер адбываецца на сумесных прадпрыемствах, але там адмовіліся размаўляць па тэлефоне. У снежні мінулага года іх калегі з Венесуэлы ездзілі на гэтыя заводы і высветлілі, што яны не працуюць.

Зарабіць на бядзе

Яшчэ адзін няўдалы праект, у які ўвязалася Беларусь, — будаўніцтва жылля. Неўзабаве пасля таго як Мінск і Каракас заключылі нафтавы кантракт, у Венесуэле праз паводку без прытулку засталіся тысячы сем'яў. Чавес запусціў праграму будаўніцтва жылля. Беларусі гэтая справа падалася перспектыўнай, і яна вырашыла паўдзельнічаць у некалькіх праектах. Самым шматабяцальным падавалася будаўніцтва 10 тысяч кватэр на тэрыторыі раёна "Фуэртэ Тыюна" ў Каракасе. Кошт праекта ацэньвалі ў $750 млн.

Расследование: как Лукашенко остался должен Венесуэле почти $1,5 млрд

Але, паводле інфармацыі БРЦ, Венесуэла пералічыла толькі малую частку ад гэтай сумы авансам. Потым будоўля на доўгі час затармазіла.

"Пакуль плацілі грошы, беларусы будавалі. Як толькі грошай не стала, адпаведна, ніхто будаваць не мог", — тлумачыць былы беларускі дыпламат Павел Слюнькін, які ў 2011—2012 гадах працаваў у "Белзамежбудзе".

Улетку 2022 беларускае пасольства ў Венесуэле адрапартавала нарэшце, што чарговыя квадратныя метры здадзеныя. І дадало, што паўза была праз заходнія санкцыі, уведзеныя супраць Беларусі і Венесуэлы. За 15 гадоў беларусы пабудавалі ўсяго 8 тысяч кватэр з запланаваных 20 тысяч — здалі толькі адзін жылы комплекс з трох. Кошт завершанага праекта ў горадзе Маракай і ваколіцах ацэньваецца ў $320 млн.

Расследование: как Лукашенко остался должен Венесуэле почти $1,5 млрд

Таемны партнёр

Не толькі афіцыйны Мінск зарабляў на партнёрстве з Венесуэлай. Падчас расследавання знайшлі і бізнесоўцаў, якія змаглі атрымаць сваю выгаду ад сяброўства Чавеса і Лукашэнкі.

І заводы, і жыллё ў Венесуэле будавала кампанія "Белзамежбуд". Яна з'явілася ў канцы вясны 2007 года. Яе заснавалі "для выканання даручэнняў урада па будаўніцтве жылля і іншых аб'ектаў у Венесуэле".

Паводле падлікаў БРЦ, "Белзамежбуд" выканаў у Венесуэле праекты як мінімум на паўмільярда долараў. Частка гэтых грошай пайшла не толькі дзяржаве, але і ў прыватную кішэнь.

Заснавальнікам кампаніі выступілі чатыры прадпрыемствы. Два з іх — "Гомельпрамбуд" і "Будаўнічы трэст № 8" падпарадкаваныя ўраду, а два іншыя — прыватныя. Хто ж гэтыя таямнічыя бізнесмены, якія склалі кампанію ўладам?

9 ліпеня 2007 года — праз месяц з лішнім пасля з'яўлення кампаніі "Белзамежбуд" — урадавая дэлегацыя з Беларусі паехала ў Каракас. На борце самалёта былі тагачасныя віцэ-прэм'ер Уладзімір Сямашка і кіраўнік Савета бяспекі Віктар Шэйман. Лукашэнка прызначыў яго куратарам беларускіх праектаў у Венесуэле. Сярод пасажыраў прысутнічаў і бізнесмен Віктар Шаўцоў.

Менавіта ён і стаў адным з бенефіцыяраў беларускіх праектаў у Венесуэле. Тады Шаўцоў быў ключавым уладальнікам "Трастбанка".

Яшчэ адным прыватным удзельнікам "Белзамежбуда" з 39% доляй стала фірма "Белпарс" — дачка іранскага холдынгу Kayson, заснаваная бізнесменам Махамадам Рэза Ансары.

З часам 39% акцый "Белзамежбуд" перайшлі спачатку эмірацкай кампаніі Almando, а потым — эмірацкай фірме Alm Investments.

Расследование: как Лукашенко остался должен Венесуэле почти $1,5 млрд

За імі стаіць даўні партнёр Шаўцова, рэзідэнт Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў, султан Махамед Ахмад Аль-Зараім Аль-Сувайдзі. Але па сутнасці будаўнічым бізнесам кіраваў Шаўцоў, які быў старшынёй савета дырэктараў "Белзамежбуда".

Расследование: как Лукашенко остался должен Венесуэле почти $1,5 млрд

Падчас згаданага вышэй урадавага візіту "Белзамежбуд" падпісаў кантракт на пастаўку беларускай тэхнікі ў Венесуэлу. А праз пяць месяцаў, у снежні 2007 года, калі Лукашэнка ўпершыню пабываў у Каракасе з афіцыйным візітам, беларускі забудоўшчык атрымаў першы кантракт на будаўніцтва жылля ў штаце Арагуа. У 2009 годзе кампанія падпісала яшчэ адзін кантракт на будаўніцтва завода па выпуску будматэрыялаў з меркаванымі інвестыцыямі ў $112 млн.

Але самым паспяховым годам для "Белзамежбуда" быў 2010, калі былі заключаныя новыя кантракты і на жыллё, і на будаўніцтва заводаў па зборцы беларускай тэхнікі. Іх падпісалі падчас чарговага візіту Лукашэнкі ў Каракас. Гэта значыць, высокапастаўленыя чыноўнікі лабіравалі ў Венесуэле не толькі інтарэсы дзяржавы, але і прыватных асоб.

"У момант росквіту ўсіх гэтых будаўнічых праектаў Шаўцоў уваходзіў у досыць сур'ёзныя кабінеты менавіта дзякуючы таму, што карыстаўся пратэкцыяй і дапамогай сябра Уга Чавеса", — расказаў нам Анатоль Котаў.

Віктар Шаўцоў сапраўды даволі часта падарожнічаў у кампаніі беларускіх чыноўнікаў. З дапамогай "Кіберпартызан" БРЦ знайшлі два яго ваяжы з Віктарам Шэйманам, чатыры — з Уладзімірам Сямашкам, і больш за 20 — з тагачасным намеснікам міністра, а затым і міністрам архітэктуры і будаўніцтва Анатолем Нічкасавым.

Апошняму БРЦ патэлефанавалі і паспрабавалі высветліць у яго, ці лабіравалі беларускія чыноўнікі інтарэсы Віктара Шаўцова ў Венесуэле.

"Навошта вы мяне пра іншага чалавека пытаеце? Я ведаю, што міністэрства рабіла, што я рабіў. А вы кажаце: падарожнічаў. Ды не падарожнічаў я. Я выконваў заданні ўрада па арганізацыі будаўніцтва ў Венесуэле. Гэта былі нашы міждзяржаўныя абавязанні", — адказаў суразмоўца.

Пра інтарэсы Шаўцова Нічкасаў сказаў:

"Не, не і яшчэ раз не. І размова наша скончаная. Больш не турбуйце".

Дык хто ж гэты бізнесмен Віктар Шаўцоў, якому даверыліся беларускія высокапастаўленыя чыноўнікі? Заснаваны ім "Інфабанк" аказваў пэўныя паслугі ўладам. Як пісала выданне "Ежедневник", гэты банк вырас на пасярэдніцкіх аперацыях са спецыфічнымі краінамі, у якіх праз астракізм з боку ЗША і Захаду спрабавала шукаць сваю нішу кіраўніцтва Беларусі.

У 2004 годзе "Інфабанк" Шаўцова трапіў пад абмежаванні ЗША па падазрэнні ў адмыванні грошай для рэжыму Садама Хусейна. Сродкі былі заробленыя на ўгодах у абыход праграмы ААН "Нафта ў абмен на прадукты харчавання".

Паводле інфармацыі выдання "Ежедневник", пад іракскі праект была створаная беларуская кампанія "Белметалэнерга". І адным з яе бенефіцыяраў, як можна здагадацца, быў Віктар Шаўцоў.

Менавіта "Белметалэнерга" забяспечыла 90% паставак беларускай тэхнікі ў Ірак. А Ірак плаціў за гэта нафтай, якая прадавалася на сусветным рынку, пісала выданне "Ежедневник".

У 2014 годзе пасля разбіральніцтва ЗША знялі абмежаванні з банка. Тады яго ўжо перайменавалі ў "Трастбанк", а цяпер ён называецца "Банк Рашэнне". Асноўны бенефіцыяр фінансавай установы — ужо згаданы намі Махамед Аль-Сувайдзі. Шаўцоў — яго мінарытарны акцыянер і ўзначальвае назіральны савет банка.

"Віктар Шаўцоў так ці інакш звязаны са структурамі Інфабанка-Трастбанка і ўгодамі з нафтай у Іраку. У якасці такога пасярэдніка ён зарабіў сабе капітал. І, натуральна, калі ва ўсім гэтым удзельнічаў беларускі бок, то гэта азначала пэўную ступень набліжанасці да Лукашэнкі. Адпаведна, яго з'яўленне ў Венесуэле ў якасці асноўнага аператара будоўлі — гэта абсалютна не з'яўляецца выпадковасцю, гэта хутчэй заканамернасць", — пракаментаваў нам Анатоль Котаў.

Сувязі з персідскімі краінамі сталі дарэчы і падчас венесуэльскіх праектаў. Як мы даведаліся, Віктар Шаўцоў браў крэдыты на будаўніцтва ў Каракасе ў сваіх арабскіх партнёраў.

Расследование: как Лукашенко остался должен Венесуэле почти $1,5 млрд

Ёсць і яшчэ адзін цікавы факт у біяграфіі Шаўцова. У кастрычніку 2011 года яго затрымаў КДБ па падазрэнні ў асабліва буйным крадзяжы. Справа была звязаная з будаўніцтвам жылля ў Венесуэле. У гэтай лацінаамерыканскай краіне "Белзамежбуд" падазравалі ў сувязях з арматурнай мафіяй, якая займалася кантрабандай жалеза. Гаворка ішла і пра крадзеж будматэрыялаў.

Гэтую справу 23 снежня 2011 года каментаваў сам Лукашэнка.

"Гэта звычайная крымінальная справа, у нас такіх хапае, але гэты спадар не першы раз трапляе ў поле зроку праваахоўных органаў. Шкоду нанёс дзяржаве? Двухразовы, трохразовы памер — грошы на стол і пайшоў. Не заплаціць грошы — будзе сядзець у турме", — цытавала яго дзяржагенцтва БЕЛТА.

СМІ пісалі, што Шаўцоў выйшаў на волю ў снежні 2012 года. Доўгі час пра яго нічога не было чуваць.

Нягледзячы на тое, што ў Мінску на Шаўцова запісаны вялікі катэдж у Драздах і чатырохпакаёвая кватэра ў цэнтры, як нам удалося высветліць, ён з'ехаў з Беларусі. Аднак ён па-ранейшаму звязаны з "Белзамежбудам". Праўда, у красавіку 2022 года кампанію перайменавалі ў "ВіаСЕТрэйд".

Расследование: как Лукашенко остался должен Венесуэле почти $1,5 млрд

На яе сайце ні слова пра праекты ў Венесуэле. Тым не менш, паводле нашых дадзеных, склад акцыянераў кампаніі не памяняўся, а Шаўцоў там, як і раней, старшыня савета дырэктараў.

БРЦ папрасіў у Шаўцова пракаментаваць інфармацыю пра яго ўдзел у венесуэльскіх праектах. Але ён перадаў праз прадстаўніка, што пакіне яе без каментароў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі