Вы тут

Бяспеку Беларускай АЭС абмяркуюць у Еўрапарламенце

Беларуская АЭС / Еўрарадыё

11 лютага Еўрапарламент правядзе дэбаты на тэму бяспекі Беларускай АЭС, паведамляе Радыё "Свабода".

У праекце рэзалюцыі, па якой будуць галасаваць дэпутаты Еўрапарламента, гаворыцца пра ключавы прыярытэт для ЕС ядзернай бяспекі ЭЗ як унутры, так і за яго межамі.

У дакуменце згадваецца, што БелАЭС пачала выпрацоўваць электраэнергію 3 лістапада 2020 года. Пры гэтым звяртаецца ўвага, што гэта адбылося нягледзячы "на шматлікія праблемы бяспекі і без доказаў ступені выканання рэкамендацый экспертнага агляду ЕС 2018 года і Міжнароднага агенцтва атамнай энергіі". Экспертны агляд у 2018 годзе выявіў шмат недахопаў, але беларускі бок выканаў толькі частку яго рэкамендацыяў. Прычым эксперты ЕС не правяралі іх выкананне.

Еўрапарламент, як гаворыцца ў праекце, выказвае заклапочанасць тым, што БелАЭС размешчаная за 50 км ад Вільні і паблізу ад такіх краін ЕС, як Польшча Латвія і Эстонія. Згадваецца і пераслед актывістаў беларускіх няўрадавых арганізацыяў, якія імкнуцца пашырыць веды пра АЭС.

У праекце рэзалюцыі выказваецца заклапочанасць тым, што БелАЭС "рэалізуецца як геапалітычны праект Беларусі і Расіі і што яго будаўніцтва і будучая эксплуатацыя з'яўляюцца крыніцай магчымай пагрозы ЕС і яго дзяржавам-чальцам у справе бяспекі, здароўя і аховы навакольнага асяроддзя".

У краінах вакол Беларускай АЭС прапануецца стварыць сістэму ранняга папярэджання для вымярэння радыяцыі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.