Беларускім тэнісістам дазволяць выступіць на US Open пад нейтральным сцягам

Асобным беларускім і расійскім тэнісістам дазволяць выступіць на US Open пад нейтральным сцягам. Такое рашэнне прыняла Тэнісная асацыяцыя ЗША. У яе заяве падкрэсліваецца, што дзеянні Расіі ва Украіне асуджаюцца.

Адкрыты чэмпіянат ЗША па тэнісе пройдзе з 29 жніўня да 11 верасня.

Вясной 2022-га Міжнародная федэрацыя тэніса прыпыніла сяброўства федэрацый Беларусі і Расіі, турніры ў гэтых краінах адмянілі, а зборныя адхілілі ад спаборніцтваў. У той жа час WTA і ATP вырашылі дапусціць беларускіх і расійскіх тэнісістаў да турніраў пад сваёй эгідай, але ў нейтральным статусе.

Арганізатары Уімблдона вясной забаранілі тэнісістам з Беларусі і Расіі ўдзельнічаць у турніру. З гэтым не пагадзіліся WTA і ATP, якія вырашылі, што Уімблдон сёлета пройдзе без налічвання рэйтынгавых ачкоў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.