Барысаўскага фатографа Аляксандра Зянкова асудзілі на 3 гады калоніі

Фатографу прысудзілі тры гады калоніі, ілюстрацыйнае фота

Фатографу прысудзілі тры гады калоніі, ілюстрацыйнае фота

Тры гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму прысудзіў Мінскі гарадскі суд фатографу з Барысава Аляксандру Зянкову. Справу разглядала суддзя Жанна Брысіна, паведамляюць у Беларускай асацыяцыі журналістаў. Зянкова прызналі вінаватым ва "ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаванні".

Нагадаем, Аляксандра Зянкова затрымалі ў чэрвені ў Барысаве, ён быў дома. Пасля ператрусу сілавікі забралі камп'ютарнае абсталяванне, а фатографа павезлі ў Мінск у ізалятар часовага ўтрымання на вуліцы Акрэсціна. Там ён правёў 10 сутак.

"У камеры, разлічанай на двух чалавек, нас было значна больш, ад 8 да 10 у розныя дні", — расказаў пазней былы сукамернік Зянкова па ІЧУ. Паводле яго слоў, слядоў збіцця — гематом або драпін — у Аляксандра не было. Ён "быў спакойны, распавёў, што ні ў чым не прызнае сваёй віны, што ў яго спыталі пароль ад тэлефона, але ён адмовіўся яго назваць. Ён таксама адмовіўся ад паслуг дзяржаўнага адваката". З ІЧУ фатографа перавялі ў мінскі СІЗА на вуліцы Валадарскага.

Дадамо, што Аляксандр Зянкоў — вядомы ў Барысаве фатограф. Ён не быў штатным супрацоўнікам незалежных выданняў, але рэгулярна з імі супрацоўнічаў. Апошнім часам Зянкоў шмат падарожнічаў, фатаграфаваў краявіды, птушак і помнікі архітэктуры. У снежні 2022 года ў яго прайшла персанальная фотавыстава. Праваабаронцы прызналі яго палітвязнем.

Борисовского фотографа Александра Зенкова приговорили к 3 годам колонии
Аляксандр Зянкоў / baj.media

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі