Асноўныя версіі катастрофы самалёта Яўгена Прыгожына

На месцы катастрофы / kommersant.ru

На месцы катастрофы / kommersant.ru

У сусветных СМІ разглядаюцца асноўныя версіі катастрофы самалёта Яўгена Прыгожына. Бізнес-джэт Embraer Legacy 600 кіраўніка ПВК "Вагнер" разбіўся 23 жніўня ў Цвярской вобласці, загінулі 10 чалавек (сем пасажыраў і тры чальцы экіпажу). У спісе пасажыраў прысутнічаюць Прыгожын і яго правая рука Дзмітрый Уткін.

Сведкі-жыхары Цвярской вобласці кажуць, што перад падзеннем самалёта чулі выбух ці нават два выбухі. Важнае пытанне: выбух адбыўся ўнутры самалёта ці звонку — ад патраплення ракеты. Пра тое, што самалёт быў збіты ракетай расійскай сістэмы супрацьпаветранай абароны, пісалі некаторыя тг-каналы "ваенкараў" і вагнераўцаў. Пра гэта ж пішуць і некаторыя заходнія СМІ, напрыклад, Financial Times. Спасылаюцца ў тым ліку і на адно з відэа, на якім відаць воблака, якое нагадвае інверсійны след ад зенітнай ракеты. Як адзначае "Медуза", выпуск двух ракет СПА супраць аднаго аб'екта — стандартная практыка. Гэта да пытання пра два выбухі, пра якія згадваюць некаторыя сведкі.

Аднак у той жа "Расавіяцыі" кажуць пра тое, што самалёт быў "узарваны". Яго абломкі разляцеліся ў радыусе некалькіх кіламетраў. Па даных Flightradar24, перад падзеннем самалёт падняўся на вышыню больш за 8,5 км, і не ўсе сістэмы СПА яго там маглі збіць (эфектыўным быў бы "Бук"). Тым больш не даводзіцца казаць пра дыверсантаў з пераноснымі зенітнымі ракетнымі комплексамі. На карысць унутранага выбуху сведчаць пашкоджанні самалёта, якія былі б больш сур'ёзнымі ў выпадку патраплення ракеты.

Той жа Flightradar24 сведчыць, што за 30 секунд Embraer Legacy 600 знізіўся на 2,4 км, пасля яшчэ некалькі секунд трымаў вышыню, і толькі пасля пачаў падаць і разбіўся. Мяркуецца, што пасля нейкага здарэння экіпаж спрабаваў змагацца за выжыванне самалёта. Да згаданага здарэння не было ніякіх прыкмет, што з самалётам "нешта не так".

Па факце авіякатастрофы крымінальная справа распачатая па артыкуле "Парушэнне правілаў бяспекі руху і эксплуатацыі паветранага транспарту". Але відавочна, што яе яшчэ перакваліфікуюць.

Як адзначае тая ж "Медуза", пытанне пра прычыны выбуху мае відавочна палітычнае значэнне. Калі самалёт Яўгена Прыгожына быў збіты зенітнай ракетай, то можна адназначна гаварыць пра датычнасць расійскіх сілавікоў. Пры выбуху ўнутраным адказнасць за "тэракт" улады РФ могуць ускласці на каго заўгодна.

А пакуль у расійскіх карыстальнікаў сацсетак пераважае меркаванне, што кіраўнікам вагнераўцаў адпомсцілі за "паход на Маскву", з часу якога прайшлі роўна два месяцы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі