Адваката Марыі Калеснікавай могуць пазбавіць ліцэнзіі

Адвакат Марыі Калеснікавай Людміла Казак / svaboda.org​
Адвакат Марыі Калеснікавай Людміла Казак / svaboda.org​

Пытанне аб прыпыненні ліцэнзіі адваката Людмілы Казак будзе разглядацца 19 лютага на пасяджэнні кваліфікацыйнай камісіі па адвакацкай дзейнасці, паведамляюць праваабаронцы. Людміла Казак — адвакат члена прэзідыума Каардынацыйнай рады, палітвязеня Марыі Калеснікавай.

Праваабаронцы звязваюць ціск на адваката выключна з яе ўдзелам у гэтай справе. Раней адвакацкай ліцэнзіі пазбавіўся яшчэ адзін абаронца Марыі Калеснікавай — Аляксандр Пыльчанка. У дачыненні да яшчэ двух адвакатаў палітыка распачатыя крымінальныя справы: Максім Знак таксама затрыманы, Ілля Салей знаходзіцца пад хатнім арыштам.

Марыя Калеснікава знаходзіцца ў зняволенні з пачатку верасня. Яе затрымалі пасля няўдалай спробы выставіць за мяжу. У сярэдзіне верасня ёй было выстаўленае абвінавачанне ў закліках "да дзеянняў, накіраваных на нанясеенне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, учыненым з выкарыстаннем СМІ і сеткі Інтэрнэт" (ч. 3 арт. 361 КК). У пятніцу, 12 лютага, стала вядома, што Марыю Калеснікаву абвінавачваюць яшчэ па двух артыкулах: у змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам (ч. 1 арт. 357 КК) і ў стварэнні экстрэмісцкага фармавання і кіраўніцтве ім (ч. 1 арт. 361-1 КК).

Людмілу Казак таксама раней затрымлівалі. У канцы жніўня яе аштрафавалі за "непадпарадкаванне міліцыі". Ноч да суда яна правяла ў ізалятары на Акрэсціна ў адной камеры з грамадзянкай Швейцарыі Наталляй Хершэ. Пасля выхаду на волю Казак паказала журналістам скаргу, якую Хершэ напісала на кавалку тканіны (паперы для скаргі не далі).

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі