Абысці шатдаўн: як маладыя айцішнікі вярнулі казахстанцам інтэрнэт

Ілюстрацыя / codastory.com
Ілюстрацыя / codastory.com

Нарыкбі Максут прывык да пастаяннага шквалу апавяшчэнняў: у яго больш за 60 тысяч падпісчыкаў у Telegram і амаль 20 тысяч — у Instagram. Таму калі яго тэлефон раптам змоўк, ён зразумеў, што штосьці не так.

"Спачатку я падумаў, што яны проста заблакавалі інтэрнэт, але яны літаральна адключылі яго,расказвае ў размове з Coda Максут, IT-спецыяліст з Нідэрландаў, — тады я пачаў панікаваць".

У студзені на радзіме Максута, у Казахстане, пранеслася хваля пратэстаў. Усё пачалося з падвышэння цэн на звадкаваны газ, але неўзабаве патрабаванні дэманстрантаў сталі палітычнымі. З Нідэрландаў ён уважліва сачыў за падзеямі, якія шакавалі ўвесь свет: вёў жывыя трансляцыі ў Instagram з сябрамі, якія ўдзельнічалі ў пратэстах, падтрымліваў сувязь са сваякамі.

Потым казахстанскія ўлады адключылі інтэрнэт. На працягу пяці дзён мясцовыя жыхары заставаліся амаль — а часам і зусім — без сувязі. У гісторыі Казахстана гэта стала першым падобным выпадкам, але з пункту гледжання закона ўсе тэлекамунікацыі ў краіне знаходзяцца ў руках урада, і адключэнне інтэрнэту было абсалютна легальным крокам. Калі ў некаторых рэгіёнах краіны карыстальнікі маглі часткова заставацца анлайн, жыхары Алматы сутыкнуліся з поўным шатдаўнам: не працаваў правадны і мабільны інтэрнэт, а часам — нават стацыянарная тэлефонная сувязь.

Аднак потым Максут і ягоныя сябры давялі ўсяму свету, што адключэнне інтэрнэту — усё больш папулярную тактыку аўтарытарных уладаў ва ўсім свеце — можна перажыць. Поспех гэтых праграмістаў, якія здолелі за некалькі дзён падняць амаль 40 сервераў ва ўмовах абмежаванага бюджэту, — выдатны прыклад праблемы, з якой сутыкаюцца рэжымы старой школы, такія як у Казахстане: тэхналагічна падкаваны сярэдні клас, які валодае навыкамі для барацьбы з лічбавымі інструментамі аўтарытарызму. Паводле ацэнак Максута, якія грунтуюцца на звестках аб наведвальнасці Telegram, за час пяцідзённага адключэння група дала доступ да праграмы ад 300 да 500 тысячам чалавек.

Як і ў Беларусі, дзе цэнзура і адключэнні інтэрнэту таксама часта выкарыстоўваюць для задушэння іншадумства, у Казахстане квітнее ІТ-сектар, спецыялісты якога працуюць у вядучых сусветных тэхналагічных кампаніях. Максут, праграміст з Booking.com у Амстэрдаме, зрабіў допіс у сваім канале Telegram, калі ўбачыў, што Казахстан пайшоў у афлайн, з заклікам да калег. Яму адказалі каля 20 грамадзян Казахстана, якія працуюць у найлепшых тэхналагічных кампаніях — ад Meta у Лондане да LinkedIn у Таронта і Google у Цюрыху. Усіх іх аб'ядноўвала адно: яны беспаспяхова спрабавалі звязацца са сваімі сем'ямі на радзіме.

На працягу наступных некалькіх дзён група энтузіястаў усталявала дзясяткі проксі-сервераў — спачатку ў Telegram, а потым нават у інтэрнэт-браўзерах, такіх як Firefox. Максут прызнае, што яго ацэнка колькасці карыстальнікаў не дакладная: не ва ўсіх была магчымасць сабраць звесткі. Але 19 студзеня Жарасхан Аман, інжынер-праграміст, які працуе ў Facebook у Лондане, вывучыў аналітыку Telegram і палічыў, што толькі 9 паднятымі ім серверамі з 4 да 11 студзеня скарысталіся 155 762 карыстальнікі з Казахстана.

"Я не чакаў такога патоку людзей, некаторыя з іх нават не ведалі, што такое проксі", — кажа Аман.

Для адключэння інтэрнэту ў Казахстане ўлады выкарыстоўвалі мадэль "аварыйнага выключальніка" ("kill switch"). Калі Максут, Аман і іх каманда зразумелі, што сапраўды існуе спосаб абысці адключэнне інтэрнэту, яны распрацавалі амбіцыйны план. "У той момант я зразумеў, што мы можам пайсці яшчэ далей, — кажа Максут, — маштаб можа быць такі, што ўвесь горад, увесь Алматы, вернецца ў Telegram".

Вядома, эксперты па інтэрнэт-сувязі і тыя, хто сочыць за глабальнымі адключэннямі інтэрнэту, кажуць, што дасягнутае праграмістамі не маштабуецца і недаступнае для мільёнаў нізкатэхналагічных, паўсядзённых карыстальнікаў інтэрнэту, адключаных ад сеткі ў часе шатдаўнаў. Звесткі лонданскай кампаніі NetBlocks, якая займаецца маніторынгам глабальнага інтэрнэту, паказваюць, наколькі эфектыўным было менавіта гэта адключэнне: 5 студзеня інтэрнэт-трафік упаў са 100% да 2%. На прыведзеным ніжэй графіку відаць, што ў наступныя дні трафік павольна рос, улады аднаўлялі злучэнне ў пэўныя перыяды часу, а 11 студзеня сувязь цалкам вярнулі.

Обойти шатдаун: как молодые айтишники вернули казахстанцам интернет
Алматы ў часе масавых пратэстаў у Казахстане / Anadolu Agency

"Вядома, нельга сказаць, што яны забяспечылі ўвесь Казахстан сувяззю. Для звычайнага карыстальніка гэта было не проста складана, гэта было звышскладана, — кажа Міхаіл Клімароў, дырэктар Таварыства абароны Інтэрнэту. — Я нічога не маю супраць іх, яны выдатныя хлопцы і зрабілі ўсё менавіта так, як трэба: людзі павінны праводзіць такія даследаванні. І калі б адключэнне працягвалася, магчыма, тое, што яны зрабілі, было б запатрабаванае".

Тым не менш частата глабальных адключэнняў інтэрнэту расце ў геаметрычнай прагрэсіі, і Coda пагаварыла з чатырма праграмістамі, каб зразумець, як гэта працуе.

Калі старшы інжынер-праграміст LinkedIn у Таронта Максат Кадыраў страціў сувязь са сваім братам у Алматы, ён вырашыў, што пара дзейнічаць. Ён выйшаў у жывы эфір у Instagram, спадзеючыся знайсці спосаб звязацца са сваёй сям'ёй праз краўдсорсінг. Дзіўна, але некалькі IT-спецыялістаў з Казахстана змаглі падключыцца і паведаміць, што чатыры ці пяць іх VPN усё яшчэ працуюць унутры краіны. "Калі інтэрнэт заблакаваны, гэта не павінна працаваць, — успамінае Кадыраў, — гэта супраць усёй логікі адключэння інтэрнэту".

Калі Кадыраў звязаўся з Максутам, яны і некалькі іншых спецыялістаў зразумелі, што ў адключэнні ёсць прабелы, якімі можна скарыстацца, — як чорны ход, усё яшчэ адкрыты для інтэрнэт-трафіку. Кадыраў кажа: "Было такое адчуванне, што інтэрнэт не адключылі, а завесілі фіранку, праз якую ўсё яшчэ прабіваецца святло".

Кадыраў адправіўся на пошукі ўсіх партоў, якія яшчэ працавалі, перыядычна аб'ядноўваючыся з іншымі. Сеткавыя камп'ютарныя парты дзейнічаюць амаль як паштовыя сартавальныя трубкі, накіроўваючы звесткі праз нумар порта туды, куды яны павінны трапіць. На працягу некалькіх гадзін ён вёў жывую трансляцыю ў Instagram, пакуль яны сканавалі некалькі з больш чым 65 тысяч наяўных партоў. У часе жывога эфіру яны выявілі пяць адкрытых партоў, пратэсціравалі іх і змаглі ўсталяваць злучэнне. Пазней яны даведаліся, што некаторыя парты аказаліся выпадкова адкрытыя праз памылку ў састарэлым абсталяванні Cisco, шырока выкарыстоўваным казахстанскімі аператарамі сувязі. Кадыраў, Максут і іншыя выкарыстоўвалі гэтыя адкрытыя парты для падтрымкі сваёй аперацыі і куплялі серверы ў Digital Ocean, Amazon і іншых правайдараў на грошы, сабраныя краўдсорсінгам, або свае ўласныя сродкі.

Абменьваючыся інструкцыямі па падключэнні праз Telegram, электронную пошту і СМС, удзельнікі групы казалі, што яны не спраўляліся з патокам запытаў. Кадыраў кажа, што ўсяго за 24 гадзіны яму паступіла больш за 2 тысячы запытаў на доступ да яго сервера, якія ён рассылаў па адным. Максуту таксама пастаянна прыходзілі запыты на доступ: "Яны разыходзіліся як гарачыя піражкі".

Для тых казахстанцаў, хто знаходзіўся за межамі краіны, поўны шатдаўн быў праверкай на трываласць. У той час як у міжнародных СМІ пастаянна мільгалі паведамленні пра хаос, стральбу і паляванне на тэрарыстаў, СМС і паведамленні перасталі даходзіць да атрымальнікаў. Званкі проста не праходзілі. А амаль 19 мільёнаў жыхароў Казахстана пражывалі іншы кашмар: праз гучнагаварыцелі яшчэ савецкіх часоў, усталяваныя ў цэнтрах гарадоў, злавесна гучалі заклікі заставацца ў памяшканнях, далей ад вокнаў. Па тэлевізары пра навіны не расказвалі, паказвалі забаўляльныя праграмы — а некаторыя каналы і зусім не працавалі.

На працягу наступных пяці дзён перыядычна аднаўлялася падключэнне да інтэрнэту, у некаторых выпадках гэта было звязана з пэўнымі урадавымі аб'явамі. Людзі зноў маглі здзяйсняць званкі. Урад афіцыйна заявіў, што па ўсёй краіне ідзе масавая тэрарыстычная атака, якую ўзначальваюць у асноўным замежнікі. Улады прадставілі непераканаўчыя доказы іх заяў, у той час як паліцыя затрымлівала і катавала дзясяткі актывістаў і прыхільнікаў пратэсту.

Обойти шатдаун: как молодые айтишники вернули казахстанцам интернет
Алматы ў часе масавых пратэстаў у Казахстане / Anadolu Agency

Думкі ўнутры групы VPN пра тое, што рабіць далей, падзяліліся. Кадыраў закрыў свае VPN. "Мая пазіцыя заключалася ў тым, што важна выступіць разам з урадам супраць гэтых тэрарыстаў. Потым я ўбачыў, што людзі пачалі выкарыстоўваць мае VPN для Torrent і для майнінгу біткойна. Я сказаў: "Дзякуй усім, я сыходжу".

Іншыя, як Максут, не адключалі свае VPN, лічачы, што калі ў краіне сапраўды адбываецца складаная тэрарыстычная атака, то тэрарысты не будуць чакаць, пакуль ён скарыстаецца сваім VPN-злучэннем для сувязі, тым больш што перыядычныя адключэнні ў часе пратэстаў былі звычайнай практыкай у Казахстане на працягу многіх гадоў. У прыярытэце было інфармаваць людзей.

"Людзі загінулі, таму што ў іх не было інфармацыі або сувязі", — кажа Аман, інжынер з Лондана. У наступныя тыдні з'явіліся дзясяткі гісторый пра жыццё ва ўмовах інфармацыйнай пустэчы, калі многія працягвалі жыць, не ведаючы пра гвалт. Па паведамленнях СМІ, 12-гадовы хлопчык быў забіты шалёнай куляй, калі ішоў з маці па хлеб; чатырохгадовую дзяўчынку застрэлілі: яе бацька ехаў у цэнтр горада са сваімі трыма дзецьмі і заехаў проста ў перастрэлку.

"Шатдаўн сапраўды не прыносіць ніякай карысці, — кажа Наталля Крапіва, тэхнічны юрысконсульт арганізацыі Access Now. — Гэта не дапамагае ўрадам падтрымліваць бяспеку, не дапамагае ім падтрымліваць парадак, не перашкаджае распаўсюджванню дэзынфармацыі, а нават наадварот: адключэнні звычайна звязаныя з ростам гвалту. Людзі застаюцца сам-насам з тымі чуткамі, да якіх у іх ёсць доступ".

Матэрыял падрыхтаваны пры падтрымцы Медиасети

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі