Вы тут

30 сакавіка ў Мінздароўя разгледзяць інцыдэнт з кіслародам у віцебскай лякарні

У Мінздароўя разгледзяць інцыдэнт з падачай кіслароду ў віцебскай лякарні / TUT.by

30 сакавіка ў Міністэрстве аховы здароўя адбудзецца пасяджэнне лячэбна-кантрольнага савета. На ім будуць разглядаць надзвычайнае здарэнне з падачай кіслароду хворым на ШВЛ 7-8 студзеня ў Віцебскай гарадской клінічнай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі. Пра гэта парталу TUT.by расказаў загадчык аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі Уладзімір Мартаў. Менавіта з яго словаў і стала вядома пра гэтую сітуацыю. 

Па словах Мартава, на мінулым тыдні ў віцебскай лякарні прайшлі патолагаанатамічныя канферэнцыі. 

"Камісіі Міністэрства аховы здароўя вывучалі медыцынскую дакументацыю. На канферэнцыях разабралі 8 гісторый хваробы пацыентаў, якія памерлі ў хірургічным корпусе 7-8 студзеня і пазней. У двух пацыентаў з васьмі ў гісторыі хваробы былі запісы лекара аб спыненні падачы кіслароду — і ў гэтых двух чалавек на канферэнцыях выявілі прычынна-выніковую сувязь з пагаршэннем іх стану. У астатніх пацыентаў, у каго ў картах запісаў пра кісларод не было, гэтую сувязь не выявілі", — тлумачыць доктар-рэаніматолаг.

Пасля інцыдэнту з падачай кіслароду кавідныя пацыенты, па яго словах, паміралі на працягу некалькіх дзён. 

Інтэрв'ю Мартава выклікала незадавальненне ва ўлады. 12 сакавіка падчас паездкі ў маладзечанскую лякарню Аляксандр Лукашэнка спытаў у міністра аховы здароўя Дзмітрыя Піневіча пра віцебскае здарэнне. Той адказаў: "Былі невялікія перабоі". Рэакцыя  Лукашэнкі была такой: "Ну, калі там палітыка, то, значыць, трэба на месца ставіць чалавека".

14 сакавіка Піневіч у інтэрв'ю СТБ паведаміў, што, паводле яго звестак, перабоі ў падачы кіслароду ў бальніцы не былі прычынай гібелі пацыентаў. Ён прызнаў прафесіяналізм доктара Мартава, але пры гэтым заявіў, што той парушае нормы санэпідрэжыму ў "чырвонай зоне".

Уладзіміру Мартаву не сталі падаўжаць кантракт, які заканчваецца 3 красавіка. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.