Вы тут

Звычайныя беларусы атрымаюць вакцыну ад каранавіруса толькі з красавіка

Звычайныя беларусы атрымаюць вакцыну ад каранавіруса толькі ў красавіку / СТБ

Звычыйныя людзі змогуць атрымаць прышчэпку ад каранавіруса не раней за красавік. Пра гэта ў інтэрв'ю тэлеканалу СТБ расказаў міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч.

Па яго словах, Беларусь падпісала кантракт на закуп у Расіі 170 тысяч вакцын "Спутник V". Да Новага года паступіла 20 тысяч вакцын. Першымі атрымліваюць тыя, хто працуе з вялікай колькасцю людзей.

"Я думаю, што гэта будзе прыкладна з красавіка, калі мы скончым вакцынаваць менавіта тыя ўразлівыя, скажам так, кантраляваныя нашы групы — гэта медработнікі, педагогі, супрацоўнікі транспарту, гандлю, і вось мы таксама, дарэчы, з вамі вядзем размову, работнікі СМІ. Вось мы калі адпрацуем з гэтым кантынгентам — ну, слова "кантынгент" мне не вельмі падабаецца — з групамі насельніцтва, скажам, найбольш уразлівымі, потым пачнем працаваць і па іншых групах", — патлумачыў міністр.

Па словах Піневіча, Беларусь плануе купляць не толькі "Спутник V", але і іншыя расійскія вакцыны ад каранавіруса. Таксама ідуць перамовы з кітайцамі наконт іх вакцыны. Акрамя таго ўжо ў першым квартале гэтага года Беларусь плануе наладзіць выпуск вакцыны "Спутник V" пад сваім брэндам.

За першыя 4 месяцы 2021 года ў Беларусі плануюць вакцынаваць 1,2 млн чалавек. Усяго ад COVID-19 будзе вакцынавана да 5,5 млн жыхароў Беларусі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.