ЗША не паменшаць ціск на Мінск, нават калі палітвязняў адпусцяць — Джулі Фішэр

Джулі Фішэр / belsat.eu
Джулі Фішэр / belsat.eu

Злучаныя Штаты Амерыкі наўрад ці паменшаць ціск на рэжым Аляксандра Лукашэнкі, нават калі на волю выйдуць усе палітвязні, заявіла прызначаны амбасадар ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр у інтэрв'ю тэлеканалу "Белсат".

"Я не думаю, што Злучаныя Штаты зменшаць ціск. Я дакладна не чакаю, што будуць такія дзеянні нават пасля вызвалення ўсіх палітычных вязняў, удзелу ў інклюзіўным дыялогу і руху да новых выбараў", — сказала яна.

Вашынгтон, па словах дыпламата, чакае ад Мінска паўнавартаснага нацыянальнага дыялогу, які прывядзе да новых выбараў. Гэтыя выбары могуць прайсці пад  міжнароднай эгідай.

"Гэта неабходныя крокі. І мы вельмі выразна заявілі аб нашых чаканнях і нашай пазіцыі", — падкрэсліла амбасадар.

Пакуль жа Мінск, па яе словах, рухаецца ў "няправільным кірунку" ў пытанні палітвязняў — іх колькасць толькі расце.

Па стане на 24 чэрвеня ў Беларусі прызнаныя палітвязнямі 503 чалавекі. Тэму палітычнай амністыі падымаў Юры Васкрасенскі, былы член каманды Віктара Бабарыкі. Пасля вызвалення з СІЗА ён стаў прыхільнікам Лукашэнкі, казаў, што той даручыў яму распрацоўваць папраўкі ў Канстытуцыю.

Акрамя таго, у пачатку чэрвеня з'явілася інфармацыя, што частцы палітычных зняволеных прапануюць падпісаць прашэнне аб памілаванні.

Святлана Ціханоўская на днях распавяла пра тое, што ўлады Беларусі могуць прапанаваць перавесці журналістаў, якія знаходзяцца за кратамі, пад хатні арышт у якасці "дамовы" з Захадам. Сярод лабістаў такога сцэнару яна назвала міністра замежных спраў Уладзіміра Макея і заклікала чыноўнікаў ЕС "не гуляць у гэтую гульню". Па яе ацэнцы, гэта шлях у нікуды. Павінны быць выкананыя "ўсе патрабаванні грамадзянскага грамадства, такія як вызваленне палітычных зняволеных, перамовы з грамадзянскай супольнасцю і новыя выбары".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі