Вы тут

Зняць кватэру ў Мінску немагчыма з-за тысяч студэнтаў. Рыэлтар: Сітуацыя тыповая

Фота: segodnya.ua

Кожны жнівень тысячы студэнтаў з усёй краіны з’язджаюцца ў Мінск перад пачаткам новага навучальнага года. Але месца ў інтэрнаце дастаецца не ўсім. Так, у інтэрнатах БДУ свой кут атрымалі 72% студэнтаў з тых, якім гэта было неабходна, то бок 7900 чалавек. Такім чынам, толькі ў адным БДУ вучыцца каля 3000 студэнтаў, якія шукаюць прытулак на рынку арэнднага жылля.

У ход ідуць усе кватэры

У агенцтве “Тэтравіта” распавялі, што сёлета студэнцкі попыт больш заўважны, чым у мінулыя гады. Усплёск пачаўся яшчэ напрыканцы траўня. Жнівень атрымаўся прыкладна такім, як і заўсёды, таму што шмат хто паспеў арандаваць кватэру яшчэ ў ліпені.

Усплёск на рынку сапраўды ёсць. Толькі ў нашым агенцтве гэта +20 заявак у месяц. Здымаюць усё, на кожны варыянт знойдзецца свой чалавек. У лідарах аднапакаёвыя кватэры да 200-250 долараў. Знайсці цяпер такую кватэру рэальна, але, калі ёсць час на пошук. Прычым, не тыдзень, а хаця б месяц”.

Па словах суразмоўцы Еўрарадыё, уласнікі кватэр даўно скемілі, што на студэнтах можна зарабіць. Таму, калі бачаць перад сабой маладых арандатараў, адразу ж спрабуюць накруціць долараў 50-60. Ці ўстанаўліваюць кошты ў залежнасці ад колькасці чалавек, якія пражываюць у кватэры.

Напрыклад, калі гэта трохпакаёвая кватэра, дык звычайны кошт — гэта 300 долараў. Але, калі студэнты здымаюць яе на траіх, дык няхай кожны хаця б 120-130 умоўных адзінак плаціць. То бок для сям’і гэта будзе звычайны кошт, а для студэнтаў — даражэйшы”.

Восеньскі рост рынку жылля звязаны не толькі са студэнтамі, кажуць у агенцтве. Шмат сямей пачынаюць таксама шукаць нешта, людзі прыязджаюць у Мінск на працу і гэтак далей. Але студэнты, безумоўна, уплываюць на сітуацыю.

 

 

 

Студэнцкая вечарынка. Фота: fishki.net

Гэты год — не выключэнне

У агенцтве нерухомасці “Твая Сталіца” Еўрарадыё распавялі, што шмат хто са студэнтаў пачынае шукаць жыллё ў апошні момант.

Сёлетняя сітуацыя, насамрэч, даволі тыповая для апошніх гадоў. Усё тое ж самае, — распавядаюць Еўрарадыё ў агенцтве нерухомасці “Твая сталіца”. — Жнівень як заўсёды вельмі багаты на заяўкі, асабліва на пошук адна- і двухпакаёвых бюджэтных кватэр, у асноўным, для студэнтаў. Нехта не чакаў, што не хопіць месцаў у інтэрнатах, нехта пачынае пошук толькі напярэдадні навучальнага года. Таму такіх заявак вельмі шмат”.

Па словах рыэлтара, найбольшым попытам карыстаюцца аднапакаёвыя кватэры да $200 за месяц, а двухпакаёвыя — да $250 за месяц:

Сітуацыя паўтараецца з года ў год, калі, пачынаючы з ліпеня, кошты ідуць уверх. Але ўжо ў верасні-кастрычніку ўсё вяртаецца да ранейшай нормы. Так што, знайсці кватэру прасцей, попыт ужо не так вялікі”.

Па словах спецыяліста, яшчэ год пяць таму 60-70% уласнікаў не жадалі здаваць кватэры студэнтам. Але сітуацыя змянілася, сёння толькі каля 20% гаспадароў не жадаюць здаваць кватэры студэнтам. Іншыя ўжо гатовыя да гэтага.