Вы тут

Журналістка TUT.BY Любоў Каспяровіч толькі ў судзе даведалася, за што затрыманая

Любоў Каспяровіч затрымалі каля суда, дзе праходзіў працэс па "справе студэнтаў" / TUT.BY​

Журналістку партала TUT.BY Любоў Каспяровіч абвінавачваюць ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Пра гэта стала вядома падчас суда над ёй, які праходзіць у панядзелак, паведамляе TUT.BY.

Любоў Каспяровіч ўдзельнічае ў працэсе па скайпе. Пры гэтым яна адзначыла, што дрэнна чуе суддзю праз тое, што побач слухаецца яшчэ адна справа. Журналістка таксама заявіла хадайніцтва — папрасіла пра магчымасць азнаёміцца з пратаколам, які на яе склалі. Паводле яе слоў, 72 гадзіны пасля яе затрымання мінаюць, а яна да гэтага часу не ведае, за што яе затрымалі і змясцілі ў ІЧУ.

"У пратаколе ёсць пазнака, што вы адмовіліся ад атрымання копіі пратакола", — сказаў на гэта суддзя Сяргей Кацар.

Каспяровіч запярэчыла: "Гэта хлусня".

"Калі рабілі вопіс маёй маёмасці, праз 5 гадзін пасля затрымання, я рабіла ў пратаколе вопісу адзнаку, што мне не патлумачылі, за што я затрыманая", — распавяла журналістка.

Тым не менш суддзя адмовіў ёй у гэтым хадайніцтве і ў магчымасці азнаёміцца з пратаколам. Але дазволіў пагаварыць з адвакатам. Праўда, даў на гутарку ўсяго 7 хвілін.

Любоў Каспяровіч затрымалі 14 траўня каля Дома правасуддзя ў Мінску, дзе праходзіў суд па "справе студэнтаў".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.