Жонка Макея: Мы прыйшлі не па бургеры — наш сын вельмі хацеў пабачыць Цімаці

Жонка Макея: Мы прыйшлі не па бургеры — наш сын вельмі хацеў пабачыць Цімаці

Жонка міністра Уладзіміра Макея артыстка Вера Палякова пракаментавала сямейны паход на выступ расійскага рэпера Цімаці

Як распавядала Еўрарадыё, 7 лістапада ў Мінску адбылося адкрыццё бургернай і раздача бясплатных бургераў. Рэпер Цімаці з'яўляецца адным з уладальнікаў гэтай сеткі, таму ён прыехаў на адкрыццё. Заадно спявак выступіў з бясплатным канцэртам. У віп-зоне быў заўважаны міністр замежных спраў Уладзімір Макей.

Карыстальнікі сацсетак сталі абмяркоўваць з'яўленне міністра. Не абышлося без з'едлівых каментароў пра бясплатную раздачу бургераў.

У каментары TUT.by жонка міністра Вера Палякова распавяла, што яны прыйшлі на мерапрыемства ўсёй сям'ёй дзеля сына Арцёма: хлопчык — вялікі фанат Цiмацi і ведае ўсе яго песні на памяць.

Па яе словах, 7 лістапада ў сям'і быў доўгачаканы агульны выходны. "Той самы дзень, калі мы ўсёй сям'ёй можам пабыць разам. Наша дзіця — вялікі фанат Цімаці. Ён ведае на памяць усе яго песні. Дзеля яго мы і пайшлі. Мой муж, на самай справе, не хацеў. У апошнюю хвіліну пагадзіўся. І потым моцна пашкадаваў пра гэта", — тлумачыць Палякова.

Артыстка кажа, што ім было вельмі непрыемна чытаць каментары. "Мы наогул не маем права нікуды выйсці?" — абураецца яна. І кажа, што журналісты маглі проста падысці да міністра і спытаць, што ён робіць на адкрыцці бургернай:

"Заўсёды можна спытаць: "Уладзімір Уладзіміравіч, вельмі незвычайна бачыць вас на такім мерапрыемстве. Растлумачце, якога чорта вы тут робіце". І ён бы вам патлумачыў, што прыйшоў, таму што наша дзіця — фанат Цiмацi і Black Star. І не па бургеры мы прыйшлі, а проста, каб яго ўбачыць. Гэтак жа, як і многія астатнія".

Дарэчы, у Арцёма, сына Макея, ужо ёсць аўтограф Цімаці — яго падарыў хлопчыку амбасадар Расіі ў Беларусі. Таму на канцэрт рэпера ён прыйшоў, каб проста пабачыць свайго куміра. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі