"Здаецца, завяліся ціхары": раённы марш рассакрэцілі, двух братоў пасадзілі

Ілья і Яўген Карусейчыкі
Ілья і Яўген Карусейчыкі

На раённым маршы, які праходзіў 21 студзеня на захадзе Мінска, сілавікі затрымалі 16 чалавек. Сярод іх двое братоў: Ілья і Яўген Карусейчыкі. На наступны дзень Ілья — аспірант цэнтра квантавай оптыкі і квантавай інфарматыкі — быў асуджаны на 15 сутак арышту. Яго брата Яўгена раней ужо затрымлівалі на пратэставых акцыях. Сілавікі склалі на яго два пратаколы, а суд пакараў 25 суткамі.

Затрыманне адбылося ў раёне вуліцы Адоеўскага каля 22:00. Тым вечарам хлопцы не збіраліся пратэставаць. Соф'я Карусейчык, жонка Ільі, расказала Еўрарадыё, што браты вярталіся ад дзяўчыны Яўгена.

"У яе нядаўна бацька ад COVID-19 памёр, і яны ўвесь час ездзілі да яе падтрымаць. І атрымліваецца, што мы жывём у раёне станцыі метро "Пушкінская", а брат у раёне "Спартыўнай". Дзесьці на сярэдзіне гэтага шляху яны сустрэлі калону пратэстоўцаў. Напэўна, вырашылі сумясціць прыемнае з карысным. Іх затрымалі літаральна праз некалькі хвілін пасля гэтага".

 

“Похоже, завелись тихари”: районный марш рассекретили, двух братьев посадили
Соф'я і Ілья Карусейчыкі

Бусікі з сілавікамі пад'ехалі да пратэстоўцаў праз некалькі хвілін пасля пачатку маршу. Адна з яго ўдзельніц расказвае, як пасля "хапуну" дзве дзяўчыны ў суправаджэнні моцных хлопцаў у чорным падышлі да буса, забралі адтуль заплечнікі і накіраваліся ў краму. "Здаецца, завяліся ціхары", — канстатуе яна.

Жанчына, якая бачыла, як затрымалі Карусейчыкаў, расказвае, што, ратуючыся ад сілавікоў, яны пабеглі ў бок вуліцы Харкаўскай: "Клікалі мяне, але я хутка не магу, таму сказала: "Уцякайце!", а сама пайшла да праспекта Пушкіна, і тут сталі ехаць бусы ў дварах. Але мяне не чапалі, відаць, узрост. Я была ўпэўненая, што яны ўцяклі".

16 затрыманых на маршы, сярод якіх былі Ілья і Яўген, даставілі ў Фрунзенскае РУУС.

Соф'я Карусейчык, як і Ілья, займаецца фізікай і працуе ў цэнтры квантавай оптыкі і квантавай інфарматыкі пры НАН. У лістападзе яны разам падпісалі адкрыты ліст навукоўцаў супраць рэпрэсій. Па словах дзяўчыны, на працы іх падтрымліваюць і абстаноўка да апошняга часу была добрая. 

"Але я зайшла сёння да намесніцы дырэктара, і яна сказала, што Ільёй сталі цікавіцца з Прэзідыума [НАН]. Ён у апошнія дні развёў актыўную дзейнасць у Прэзідыуме Акадэміі навук па частцы таго, што наяўнасць у нас ячэйкі "Белай Русі" супярэчыць статуту, і многае іншае. Ён вельмі шмат стараўся, пісаў звароты. І тут яны ўспомнілі, што ён усё яшчэ чамусьці ў іх працуе. Нават дырэктара выклікалі з адпачынку, каб пагаварыць з намі, — расказвае Соф'я Карусейчык. — І тут я яе "ўзрадавала", што Ілья затрыманы. Таму пакуль на працы аформілі Ілью адпачынак".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі