Заяц параіў Маскве не адгароджвацца “глухім плотам” ад беларускіх прадуктаў

Заяц параіў Маскве не адгароджвацца “глухім плотам” ад беларускіх прадуктаў

Міністр сельскай гаспадаркі Беларусі Леанід Заяц пракаментаваў гучную заяву свайго расійскага калегі. Як паведамляла Еўрарадыё, міністр сельскай гаспадаркі Расіі Аляксандр Ткачоў параіў беларускім вытворцам шукаць новыя рынкі збыту для малака. “У нас сур’ёзныя намеры напаіць расіян айчынным малаком”, — сказаў Ткачоў.

Заяц заявіў, што гэтая заява не турбуе беларускі бок. “Не думаю, што трэба сёння агароджвацца нейкім глухім плотам ад сваёй суседкі — Беларусі, — цытуе словы Зайца БЕЛТА. — Усё ж такі ў нашай краіны ёсць чаму павучыцца, ёсць што пераняць. Наша краіна гатова аказаць садзейнічанне Расійскай Федэрацыі ў больш хуткім дасягненні задач, якія паставіў мой калега. Напэўна, вопыт Беларусі і практычная дапамога маглі б паўплываць на дасягненне гэтых паказчыкаў”.

Беларускі міністр згадаў пра шматлікія просьбы расійскіх партнёраў, у тым ліку і наконт арганізацыі будаўніцтва малочных комплексаў. Ён лічыць канкурэнцыю беларускіх і расійскіх тавараў “здаровай”. У той жа час Леанід Заяц адзначыў, што Беларусь ужо дыверсіфікуе рынкі — летась знізіліся пастаўкі беларускай прадукцыі на расійскі рынак, а выраслі на рынкі іншых краін СНД, Блізкага Усходу, Кітая. “І гэтая заява надае яшчэ больш упэўненасці для таго, каб мы ішлі на гэтыя рынкі”, — сказаў Заяц.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі