Затрыманаму ў Мінску расіяніну Ягору Дуднікаву аказваюць консульскую падтрымку

Ягор Дуднікаў / "УКантакце"
Ягор Дуднікаў / "УКантакце"

Затрыманы ў Мінску 5 сакавіка расіянін Ягор Дуднікаў атрымлівае консульскую падтрымку. Пра гэта Еўрарадыё расказалі ў амбасадзе Расіі ў Беларусі.

Праўда, на адкрытае пытанне "Ці наведваў яго за гэтыя тры тыдні консул?" — непасрэднага адказу нам не далі.

— Пакуль не падкажу. У нас пазіцыя наконт кожнага грамадзяніна Расійскай Федэрацыі, які трапляе ў цяжкае становішча за мяжой, — гэта аказанне консульскай падтрымкі. Пытаннямі, у тым ліку гэтага грамадзяніна, нашы супрацоўнікі займаюцца, — адказаў нам прэс-сакратар расійскай амбасады Аляксей Маскалёў. — Нашы супрацоўнікі займаюцца гэтым пытаннем, пакуль што больш каментароў не будзе.

20-гадовага грамадзяніна РФ Ягора Дуднікава затрымалі амаль чатыры тыдні таму на наёмнай кватэры ў Мінску. Там правялі ператрус, канфіскавалі мікрафон. Па словах адваката хлопца, крымінальную справу супраць Дуднікава распачалі праз тое, што ён агучваў відэаролікі "для беларускай апазіцыі".

Раней маці Ягора паведамілі пра тое, што яго абвінавачваюць паводле часткі 1 артыкула 342 КК РБ — "Арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаныя з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, што пацягнулі парушэнне работы транспарту і прадпрыемстваў".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі