Задача была зрабіць так, каб Лукашэнка сам патэлефанаваў Зяленскаму — Шаўчэнка

Яўген Шаўчэнка ў гасцях у Аляксандра Лукашэнкі, красавік 2021-га / president.gov.by
Яўген Шаўчэнка ў гасцях у Аляксандра Лукашэнкі, красавік 2021-га / president.gov.by

Дэпутат Вярхоўнай Рады Украіны Яўген Шаўчэнка пракаментаваў выказванне кіраўніка Галоўнага ўпраўлення разведкі Мінабароны Украіны Кірыла Буданава пра кантакты падчас вайны з рэжымам Аляксандра Лукашэнкі. Паводле слоў Буданава, на пачатку расійскай агрэсіі для камунікацыі з Лукашэнкам былі задзейнічаныя ўсе магчымыя каналы, а сярод іх і дэпутат Шаўчэнка.

Яўген Шаўчэнка прыгадвае, што паўдзельнічаў у арганізацыі тэлефоннай размовы паміж прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім і Аляксандрам Лукашэнкам "у першыя дні вайны". І гэта дазволіла арганізаваць першыя перамовы ўкраінскай і расійскай дэлегацый.

"Расіяне паслалі сваю дэлегацыю ў Беларусь пад Гомель, Зяленскі сказаў, што ён не пашле людзей на перамовы ў краіну, з якой ляцяць ракеты і заходзяць войскі, — расказвае дэпутат. — Расійская дэлегацыя ўжо збіралася з'язджаць, і ў той момант мы з Буданавым падключыліся. Я ўжо разумеў псіхалогію прэзідэнта Зяленскага, што ён не будзе тэлефанаваць Лукашэнку, бо напалі на Украіну. Мая задача была зрабіць так, каб Лукашэнка сам патэлефанаваў Зяленскаму і даў гарантыі бяспекі нашай групы, што з імі нічога не здарыцца. Толькі тады яны паехалі".

Яўген Шаўчэнка адзначае, што тыя першыя перамовы, якія прайшлі ў Беларусі, дазволілі Украіне выйграць час, неабходны для арганізацыі абароны краіны. Яшчэ да пачатку расійскай агрэсіі Шаўчэнка стварыў сабе імідж прыхільніка Лукашэнкі, прыязджаў у Беларусь і сустракаўся з ім. Украінскага дэпутата актыўна выкарыстоўвала прапаганда. Цяпер жа ён кажа, што супрацоўнічаў і працягвае супрацоўнічаць з украінскай ваеннай разведкай.

"Ён эфектыўны ў гэтым працэсе, — кажа Кірыл Буданаў. — Шаўчэнка дастаткова даўно дапамагае нам, давайце так гэта назавём. І ніводнага разу не адмаўляў, калі мы звярталіся з пэўнымі просьбамі да яго".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі