Вы тут

З YouTube выдалілі "Магутную прамову Лукашэнкі", якой выхваляўся "Пул Першага”

Цяпер без магутнай прамовы Лукашэнкі / Еўрарадыё

14 мая з YouTube выдалілі прамову, якая набрала 1,9 млн праглядаў і якую Аляксандр Лукашэнка гаварыў на Дзень Перамогі ў Мінску. Пікантнасць сітуацыі ў тым, што ўсяго за дзень да таго тг-канал "Пул Першага", блізкі да Адміністрацыі прэзідэнта, пахваліўся тым, што Лукашэнка з гэтай прамовай трапіў у трэнды інтэрнэт-платформы.

Выступ Лукашэнкі, які набраў амаль 2 мільёны праглядаў, быў размешчаны на "жоўтым" расійскім YouTube-канале "Палітыка сёння: Расія ЗША Украіна". Афіцыйна ён не належыць ні аднаму з беларускіх дзяржаўных СМІ.

На іншых каналах лічбы нашмат больш сціплыя. Напрыклад, статыстыка праглядаў той жа прамовы на ютубаўскіх старонках дзяржСМІ: па стане на 14 мая АНТ — 12,2 тысячы праглядаў, СТБ — 31,5 тысячы. "Амаль двума мільёнамі" і не пахне.

2 мільёны праглядаў — але толькі не на ютуб-канале дзяржСМІ

Спачатку ў "Пуле Першага" была спасылка на відэа з "Палітыкі сёння...", але потым пост быў адрэдагаваны: спасылку выдалілі. А на YouTube ролік стаў недаступны.

Адной з прычын, па якой выдалілі відэа, можа быць накрутка праглядаў.

Дарэчы, першапачаткова падача роліка на "Палітыцы сёння..." была іншай — без пафаснага фота на фоне вянка. Канал, на якім было размешчана відэа, не грэбуе клікбэйтнымі прыёмчыкамі, і ў выпадку з Лукашэнкам гэта было так жа: "Хрэн вам, а не Беларусь!" Але ў" Пуле Першага" аб гэтай дзёрзкай падачы чамусьці не напісалі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.