Вы тут

З суда над "групай Аўтуховіча" выдалілі палітвязня Уладзіміра Гундара

Уладзімір Гундар на судзе / БЕЛТА

З суда над "групай Аўтуховіча" выдалілі палітвязня Уладзіміра Гундара. Як піша БЕЛТА, яго абвінавацілі ў парушэнні ходу судовага пасяджэння.

Гундара вінавацяць па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэкса, сярод якіх — удзел у злачыннай арганізацыі, захоп альбо ўтрыманне дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам, замах на злачынства.

Таксама паведамляецца, што на суд не з'явіўся адзін з адвакатаў Мікалая Аўтуховіча.

Суд над Аўтуховічам і яго "падзельнікамі" пачаўся 18 траўня ў гродзенскай турме. Акрамя ветэрана-"афганца" па справе праходзяць яшчэ 11 чалавек: Ірына Гарачкіна, Уладзімір Гундар, Галіна Дзербыш, Вольга Маёрава, Ірына Мельхер, Антон Мельхер, Сяргей Разановіч, Любоў Разановіч, Павел Разановіч, Павел Сава, Віктар Снягур.

Аўтуховіча вінавацяць па 12 артыкулах Крымінальнага кодэкса, у тым ліку ў "здрадзе дзяржаве", "стварэнні злачыннай арганізацыі", "акце тэрарызму", "замаху на захоп дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам" ды іншых. 

Суддзя — Максім Філатаў, які на пачатку 2021-га прысудзіў пяць гадоў калоніі палітвязню Вітольду Ашурку, які пазней памёр пры нявысветленых абставінах.

На судовы працэс пусцілі толькі двух сваякоў абвінавачаных.

З усіх фігурантаў справы статус палітвязня мае толькі Уладзімір Гундар.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.