З ІЧУ ў бальніцу: блізкія распавялі пра гематомы на целе жодзінца, які галадаў

Жодзінцаў затрымалі падчас сяброўскай сустрэчы ў прыватнай лазні
Жодзінцаў затрымалі падчас сяброўскай сустрэчы ў прыватнай лазні

Праз два тыдні, якія жодзінец Станіслаў Рэпкін правёў за кратамі, хуткая забрала яго з ІЧУ ў бальніцу з падазрэннем на гіпертанічны крыз. Пасля гэтага блізкім Рэпкіна дазволілі перадаць яму лекі. Да затрымання ён піў іх па раскладзе — раніцай і ўвечары.

Тады ж блізкія даведаліся аб тым, што Рэпкін, хутчэй за ўсё, быў збіты.

— Ціск у яго быў вельмі высокі. У хуткай пачалі рабіць ЭКГ, а там трэба падняць кашулю. І тады ўбачылі гематому на жываце. Прывезлі ў бальніцу, там ціск збілі. Стас паскардзіўся, што на нагу наступаць не можа. Хірург агледзеў — яна апухлая моцна, пятка ўся чорная. Здымак зрабілі, быццам пералому няма, — расказвае Еўрарадыё сяброўка Рэпкіна.

Станіслаў Репкін — былы супрацоўнік БелАЗ, сябра незалежнага прафсаюзу — і адзін з тых 20 жыхароў Жодзіна, якіх затрымалі за "несанкцыянаванае мерапрыемства" ў прыватнай саўне. Восем затрыманых былі асуджаныя на тэрміны ад 15 да 25 сутак, астатнія на працягу наступнага тыдня атрымалі штрафы — ад 100 да 200 базавых.

Па словах суразмоўніцы Еўрарадыё, перадаць лекі Рэпкіну яна спрабавала яшчэ ў судзе, два тыдні таму. Але тады ёй адмовілі — сказалі, што ў ІЧУ добрыя лекары і ёсць усё неабходнае.

Пасля затрымання трое жодзінцаў — Станіслаў Рэпкін, Яўген Шаляпень і Аляксандр Кавалёў — абвяшчалі галадоўку. Блізкія першага звязваюць гематомы на яго целе менавіта з гэтым.

Галадоўка была спыненая праз пяць дзён. Аб стане здароўя і ўмовах утрымання двух яе ўдзельнікаў пакуль нічога невядома.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі