Вы тут

"З Беларусі пачаўся актыўны вывад грошай": галоўнае з расследавання Цапкалы

Скрыншот з відэа ад Валерыя Цапкалы / ютуб

5 траўня на ютуб-канале Валерый Цапкала выклаў 20-хвіліннае відэа з назвай "Лукашэнка крадзе грошы ў беларусаў", у якім экс-прэтэндэнт у прэзідэнты расказвае пра "шэрыя схемы", звязаныя з беларускім прадпрыемствам "beCloud", якое аказвае паслугі дата-цэнтра.

Валерый Цапкала сцвярджае, што СТАА "Беларускія воблачныя тэхналогіі" — "beCloud" — мае "манапольнае права на размяшчэнне рэсурсаў усіх дзяржаўных арганізацый і ўстаноў". Гэта нібыта дазваляе кампаніі назапашваць вялікія грашовыя сродкі і выводзіць іх на рахунак прыватных асоб.

"СТАА "Беларускія воблачныя тэхналогіі" падпарадкаваныя наўпрост ААЦ [Аператыўна-аналітычнаму цэнтру пры прэзідэнце. — Еўрарадыё], які курыруецца адным з яго [Лукашэнкі. — Еўрарадыё] дзетак", — кажа Цапкала.

"Віця", які "курыруе ААЦ" / ютуб

Палітык прыводзіць у прыклад КДБ і МПЗ, якія маглі б скарыстацца паслугамі прыватнага дата-цэнтра або пабудаваць сваё сховішча баз звестак, але нібыта зрабіць гэтага не могуць. Маўляў, ведамствы абавязаны выкарыстоўваць толькі рэсурс beCloud, нават калі кошт яго выкарыстання будзе перавышаць рынкавую цану ў некалькі разоў.

— У Беларусі створаная кампанія [beCloud], дзе 50 адсоткаў акцый належыць дзяржаве, а астатняе — кіпрскай афшорнай кампаніі "SABSICCA HOLDINGS", — расказвае Валерый Цапкала. — Для таго каб заблытаць тых, хто будзе праяўляць цікавасць да таго, хто ёсць канчатковы бенефіцыяр, кампаніі-заснавальнікі "SABSICCA HOLDINGS" зарэгістраваныя на Сейшэльскіх Астравах. Зроблена ўсё гэта для таго, каб схаваць канчатковага спажыўца бюджэтных грошай, якія выводзяцца за межы Беларусі.

Іншая частка відэа прысвечаная манапалізаванаму, на думку Валерыя Цапкалы, праву на выкарыстанне частотнага рэсурсу.

Скрыншот з відэа Валерыя Цапкалы / ютуб

— Ва ўсіх краінах свету дзяржавы прадаюць ліцэнзію на частотны рэсурс. Частотны рэсурс — частка нацыянальнага здабытку краіны, — расказвае Цапкала. — Ён каштуе вялікіх грошай. Напрыклад, бюджэт Чэшскай Рэспублікі зарабіў на продажы ліцэнзій 4G тром аператарам 450 мільёнаў долараў. У бюджэт Венгрыі паступіла 520 мільёнаў долараў. Гэта краіны былога сацлагера, супастаўныя з нашай краінай па колькасці насельніцтва. Як вы думаеце, колькі атрымаў за гэты частотны рэсурс бюджэт Рэспублікі Беларусь? Правільна, нуль рублёў, нуль капеек. Паколькі адзіная эксклюзіўная і да таго ж бясплатная ліцэнзія была дадзена кампаніі "beCloud". Такім чынам, бюджэт Рэспублікі Беларусь недаатрымаў каля 500 мільёнаў долараў.

Завяршаецца відэа зваротам палітыка да беларускіх сілавікоў, у якім ён заклікае іх правесці расследаванне:

"Цяпер, пасля публікацыі ўсіх гэтых дакументаў, я перакананы, што і пракуратура Рэспублікі Беларусь, і КДБ, і іншыя праваахоўныя органы запытаюць у афшорнай кіпрскай кампаніі вынікі гаспадарчай дзейнасці, а таксама пацікавяцца адносна канчатковых бенефіцыяраў гэтых кампаній", — заклікае сілавікоў палітык у сваім звароце. З аналагічнай просьбай Валерый Цапкала звяртаецца да ГУБАЗіК і Дэпартамента фінансавых расследаванняў КДК.

На выпадак, калі якое-небудзь сілавое ведамства сапраўды адгукнецца на просьбу Валерыя Цапкалы і пачне расследаванне, Еўрарадыё падказвае правільную назву кампаніі, згаданай у відэа, — "SABSCISSA HOLDING LTD".

Злева — назва кампаніі з відэа, справа — назва паводле выпіскі з b2bhint.com / Еўрарадыё

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.