Вы тут

Яўген Лівянт: прыватныя школы ў Беларусі могуць сысці ў "катакомбы"

У школе / Еўрарадыё

"Каля двух тыдняў таму ў наш гродзенскі філіял без папярэджання прыйшлі адразу шэсць чалавек, — расказвае Еўрарадыё кіраўнік адукацыйнага цэнтра "100 балаў" Яўген Лівянт. — Гэта былі супрацоўнікі раённага, гарадскога і абласнога ўпраўленняў адукацыі. На працягу цэлага працоўнага дня яны задавалі пытанні; пыталіся, як праходзіць кадравая, арганізацыйная, ідэалагічная работа. У асноўным іх цікавіла дакументацыя. Мне ніхто не паведаміў пра тое, каб яны наведалі хоць адзін урок. Аналагічная сітуацыя была і ў Мінску".

Яўген Лівянт / Еўрарадыё

Падобныя выпадкі апісваюць дырэктары і работнікі адразу некалькіх прыватных школ у Беларусі. Кагосьці пачалі правяраць яшчэ летась, да іншых прыйшлі цяпер. Сэнс такіх візітаў удзельнікам рынку не вельмі зразумелы: калі бацькі, якія аплачваюць вучобу сваіх дзяцей, заўважаюць у адукацыйным працэсе нейкі касяк, яны тут жа звяртаюць на гэта ўвагу. 
 

"Іншых праблем няма": да прыватнікаў прыходзяць, а падручнікі — бязглуздыя

Яўген Лівянт расказвае, што ў снежні 2020 года ён атрымаў дакумент, у якім гаварылася пра тое, што на падставе рашэння Нацыянальнай камісіі па правах дзіцяці ўпраўленням адукацыі неабходна правесці маніторынг усяго, што адбываецца ў прыватных школах. 

"Раней, калі гаворка ішла пра сапраўды сур'ёзныя выпадкі ў сістэме адукацыі, мы пра гэту камісію нічога не чулі. Нешта я не памятаю, каб гэтая міфічная камісія па правах дзіцяці абараняла беларускіх школьнікаў ад дзікіх навучальных праграм, бязглуздых падручнікаў. Камісію не цікавіць, што конкурс у педагагічныя ВНУ стаў ледзь не адмоўным, што прэстыж настаўніцкай прафесіі проста адсутнічае. Яго няма. А вось праблемы дзвюх з паловай тысяч з мільёна навучэнцаў у Беларусі, чые бацькі самастойна вырашаюць праблемы са школай, гэту камісію занепакоілі. Ну звар'яцелыя мамы і таты вырашылі: "Хай мучацца нашы дзеці ў прыватных школах", а камісія па правах дзіцяці кажа: "Не, трэба іх абараніць". Проста ўзрушальная гісторыя!" 

Лівянт звяртае ўвагу на тое, што прыйсці правяраць навучальную ўстанову ад няма чаго рабіць нельга. Праверка — гэта працэдура, якая павінна адбывацца згодна з рэгламентам, пасля чаго павінны быць зробленыя высновы. Але цяпер праверку назвалі маніторынгам, пра вынікі якога прыватнікам могуць нават не паведаміць. 

Настаўнікі супраць хлусні / Еўрарадыё

"Іншых праблем няма, — абураецца спецыяліст. — Міністэрства адукацыі заваліла ўсё, што толькі можна было заваліць, і вырашыла заняцца прыватнымі школамі. І Расія, і Польшча, і Украіна — усе суседнія краіны, акрамя нас, запусцілі праграму па дыстанцыйным навучанні, каб дапамагчы людзям падчас пандэміі. Нашы — толькі з 10 студзеня 2021 года, і цяпер ёю ніхто не карыстаецца. Да яе шмат пытанняў, калі б трэцякурснік якой-небудзь IT-спецыяльнасці зрабіў бы такую работу, баюся, што яго наогул бы адлічылі. Гэта сорамна паказваць. У студзені павінен быў запрацаваць дзіцячы тэхнапарк накшталт расійскага "Сірыуса". Фантастычны шыкоўны праект побач з корпусам-караблём БНТУ. У выніку сабралі ледзь не выпадковых школьнікаў, зрабілі і паставілі банер у адной з ВНУ, сфатаграфавалі, абвясцілі: "О, у нас адкрыўся тэхнапарк". 
 

Новы закон мяце па-старому

Яшчэ адна тэма, якая турбуе як Яўгена Лівянта, так і некаторых іншых удзельнікаў рынка, — гэта закон "Аб ліцэнзаванні", які рыхтуецца.

Пакуль што прыватныя школы адкрываюцца па заяўным прынцыпе (заяўцы заснавальніка) і ліцэнзія не патрэбна. Каб выдаваць атэстаты за 9 і 11 класы, установа адукацыі павінна раз на пяць гадоў праходзіць акрэдытацыю таксама на падставе падачы заявы. Спецыяльная камісія выязджае на месца і правярае, ці ўсё ў парадку з дакументацыяй, ці ёсць неабходны штат супрацоўнікаў, ці выконваюцца санітарныя нормы. Пытанняў няма — школьнікі атрымліваюць атэстаты.

Калі закон "Аб ліцэнзаванні" ўступіць у сілу, заснавальнікам прыватных школ трэба будзе атрымаць ліцэнзію, каб у прынцыпе працаваць на рынку. І вось тут пачынаюцца пытанні.

"Для таго каб атрымаць такую ліцэнзію, спатрэбіцца знайсці будынак, які стаіць асобна, з уласнай агароджанай тэрыторыяй пэўнай плошчы, — працягвае Лівянт. — Усё, ужо тут адразу нельга: вялікія ўкладанні на старце плюс, напрыклад, у Мінску такіх будынкаў практычна не засталося. Акрамя таго, павінна быць спецыяльная сталовая і яшчэ шмат розных патрабаванняў аж да бідэ ў пакоях гігіены для дзяўчатак. На кожныя 70 дзяўчатак з 5 да 11 класа павінен быць адзін пакой гігіены. Ні адна дзяржаўная школа не адпавядае тым нормам, што прапісаны ў законах, якія  ўжо існуюць. Прыватная тым больш не можа адпавядаць. Але бацькі — не ідыёты. Калі яны адпраўляюць дзяцей у прыватныя школы, самі ў стане разабрацца, падыходзяць ім умовы ці не. Яны ж не ворагі свайму дзіцяці. Убачаць, што не падыходзяць, — забяруць і перавядуць у іншую, гэта іх справы".    

Суразмоўнік Еўрарадыё просіць заўважыць: калі б Міністэрства адукацыі дэманстравала поспехі ў развіцці сістэмы адукацыі і вырашала сапраўды вострыя праблемы, ён бы не гаварыў так пафасна. На думку Яўгена Лівянта, калі ўлады не перастануць ціснуць на прыватныя школы, большасці з іх прыйдзецца закрыцца або сысці ў так званыя "катакомбы", калі бацькі самаарганізоўваюцца, здымаюць катэдж, наймаюць настаўнікаў, якія навучаюць іх дзяцей без ліцэнзій, рэгістрацый і акрэдытацый. Дык ці варта да гэтага даводзіць?
 

Каму могуць перашкаджаць прыватныя школы

У жніўні 2020 года, выступаючы на педагагічным форуме, экс-старшыня Мінгарвыканкама Анатоль Сівак звярнуў увагу на рост колькасці прыватных школ у Мінску.

"У мінулым навучальным годзе 880 навучэнцаў атрымлівалі агульную сярэднюю адукацыю ў 12 прыватных установах, — заявіў ён. — У цяперашні час колькасць такіх навучальных устаноў складае 18. Прычым толькі чатыры з іх прайшлі адпаведную акрэдытацыю".

Чыноўнік даў зразумець, што і камітэту, і раённым упраўленням па адукацыі неабходна больш актыўна вывучаць якасць адукацыі, якая прапаноўваецца, кантраляваць выкананне санітарных нормаў і правілаў у прыватных установах.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.