Як свет адрэагаваў на гібель у расійскай калоніі Навальнага

Аляксей Навальны

Аляксей Навальны / pap.pl

Усе сусветныя СМІ 16 лютага паведамілі пра гібель у калоніі расійскага палітвязня Аляксея Навальнага. Яе пракаментавалі еўрапейскія лідары.

"Аляксей Навальны змагаўся за каштоўнасці свабоды і дэмакратыі, піша ў Х старшыня Еўрапейскага савета Шарль Мішэль. — Дзеля сваіх ідэалаў ён прынёс вышэйшую ахвяру. ЕС ускладае на расійскі рэжым аднаасобную адказнасць за гэтую трагічную смерць. Я выказваю самыя глыбокія спачуванні яго сям'і. І тым, хто змагаецца за дэмакратыю ва ўсім свеце ў самых змрочных умовах. Змагары паміраюць. Але барацьба за свабоду ніколі не сканчаецца".

"У сённяшняй Расіі свабодных духам адпраўляюць у ГУЛАГ і прысуджаюць да смерці",сказаў прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон.

Генеральны сакратар NATO Енс Столтэнберг заявіў, што "Расія павінна адказаць на сур'ёзныя пытанні", датычныя смерці Аляксея Навальнага. 

"Глыбока ўзрушаная і засмучаная весткай пра смерць Аляксея Навальнага, піша ў Х кіраўніца Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен. — Пуцін нічога не баіцца больш, чым іншадумства з боку ўласнага народа. Змрочны напамін пра тое, што ўяўляюць сабой Пуцін і яго рэжым. Давайце аб'яднаемся ў барацьбе за свабоду і бяспеку тых, хто адважваецца выступаць супраць аўтакратыі".

"Мы вельмі добра ведаем, што гэта за рэжым, кажа канцлер Германіі Олаф Шольц. — Той, хто крытыкуе, хто выступае за дэмакратыю, павінен баяцца за сваё жыццё і сваю бяспеку. Таму мы ашаломленыя... Гэта проста жахліва. І гэта знак, як Расія змянілася. На жаль, гэты працэс пачаўся вельмі даўно, яна даўно адышла ад дэмакратыі". 

"Гэта жудасная навіна... Аляксей Навальны на працягу ўсяго свайго жыцця дэманстраваў неверагодную мужнасць", — каментуе трагічную навіну з РФ прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі Рышы Сунак.

"Смерць Навальнага ілюструе беспрэцэдэнтную жорсткасць расійскага рэжыму, заявіў прэм'ер-міністр Нідэрландаў Марк Рутэ. — Навальны змагаўся за дэмакратычныя каштоўнасці і супраць карупцыі. За сваю барацьбу яму давялося заплаціць жыццём, а ён утрымліваўся ў самых суровых і бесчалавечных умовах. Я жадаю сіл ягонай сям'і, блізкім і ўсім, хто змагаўся разам з ім за перамены ў Расіі".

"Відавочна, ён забіты Пуціным, як і тысячы іншых", сказаў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі