Як маці Лукашэнкі адгаворвала сына ад прэзідэнцтва

У Аляксандра Лукашэнкі памерла маці — Кацярына Трафімаўна Лукашэнка. Пра гэта ў тэлеэфіры паведаміла прэс-сакратар кіраўніка Беларусі Наталля Эйсмант, перадае БЕЛТА.

У музеі Лукашэнкі ў Александрыйскай школе захоўваецца аўтабіяграфія, напісаная самой Кацярынай Трафімаўнай:

"Лукашэнка Кацярына Трафімаўна нарадзілася ў 1924 г., вырасла ў шматдзетнай сям'і (6 дзяцей) без бацькі на хутары. Скончыла чатыры класы Александрыйскай школы. Рана пачала працаваць. На чыгунцы працавала з 1944-га да 1949 г., затым працавала на будоўлі, на ільнозаводзе ў г. Орша. У 1957 годзе вярнулася ў в. Александрыя, дзе працавала да 1979 г. даяркай. Пасля выхаду на пенсію працягвала працаваць да 1983 г. За працоўную дзейнасць ўзнагароджаная граматамі і дыпломамі. З'яўляецца ветэранам працы".

Па сутнасці, больш нічога пра маці Аляксандра Рыгоравіча не вядома. Амаль за 21 год кіравання Беларуссю Лукашэнка літаральна некалькі разоў узгадваў Кацярыну Трафімаўну.

Перад прэзідэнцкімі выбарамі 2010 года Аляксандр Лукашэнка даў вялікае інтэрв’ю “Літоўскаму кур’еру”, падчас якога некалькі разоў узгадваў маці. Спачатку мімаходам. Маўляў, Кацярына Трафімаўна часам яму кажа, што “ў нас шмат праблем, але беларусы яшчэ ніколі так не жылі, як жывуць цяпер. Бо з беларусаў выціскалі ўсё. Мы кармілі Піцер, Маскву, палову Расіі. Можа, гэта і нармальна было ў тыя часы”.

Далей, выказваючыся пра сваё “далікатнае і трапёткае” стаўленне да Колі, Аляксандр Рыгоравіч зноў узгадаў сваю маці і дзяцінства.

“Я сапраўды круціўся ўвесь час са сваімі дзецьмі, таму што я вырас адзін з маці. І не таму, што мне мала было ласкі ці пяшчоты ў свой час, як некаторыя кажуць, не было каму яго прылашчыць, таму ён пакрывае на сваім дзіцяці. Поўная дурасць. Я ў маці быў адзін, старэйшае дзіця ў яе памерла. Яна мяне любіла і рабіла для мяне ўсё. Там было не да пяшчоты. Калі ў вёсцы жывеш, і бацькі няма, і трэба накасіць і прыбраць, і прывезці... Складаліся вызначаныя звычайныя адносіны. А ў душы мяне маці не менш любіла, чым я люблю сваіх дзяцей. І вось гэта адтуль. Можа, яшчэ штосьці. Я вельмі люблю дзяцей. Я заўсёды аддаваў усё сваім дзецям. І не толькі сваё”.

А таксама пра быт:

“Вельмі люблю малако, але сырое малако ў маім узросце ўжо ўжываць непажадана, таму што пасля 30 гадоў арганізм не так успрымае малако. Хоць мая маці дагэтуль п'е малако, а ёй ужо за 80. Яна кажа, што проста трэба ведаць, якое малако піць. А так, каб, напрыклад, вы прыйшлі да мяне ў госці, і я б у кухні што-небудзь прыгатаваў ― за паўтары дзясяткі гадоў такога ніколі не было, я не лічу патрэбным гэта рабіць. Але магу. Магу суп просты зварыць — бо я ж быў студэнтам, і мы ўсё гатавалі самі. І вось, памятаю, калі маці прыйдзе з працы, я павінен быў прыгатаваць вячэру. Прынамсі вячэру. Ну, а калі захварэе, даводзілася ўсё гатаваць”.

За тры дні да прэзідэнцкіх выбараў у 2010 годзе падчас урачыстага адкрыцця адрэстаўраванага Мірскага замка, Аляксандр Лукашэнка згадаў маці, каментуючы перадвыбарчую кампанію і заявы апазіцыйных кандыдатаў.

"Бруд ― ён і ёсць бруд, ― сказаў кіраўнік Беларусі. ― Але ведаеце, нават не мяне, а маю маці больш за ўсё гняце тое, калі яе сын… Я прыходжу да яе, і яна з гэтага пачынае адразу: "А сынок, а даражэнькі мой, а ты ж у мяне ніколі нічога чужога не браў, а ты ж чужога не краў, ну навошта табе гэта?" Я кажу: "Мама, што навошта? Ты што, верыш, што я штосьці скраў у кагосьці?" ― "Ды не, навошта табе гэта, што табе казалі? Ды кінь ты гэта, няхай яны тут працуюць". Вось гэта больш за ўсё забівае. Калі ты чалавека ў чымсьці папракаеш, ты ж думай, што гэта не толькі я, які так ці інакш можа гэта вытрымаць. Але ў мяне ж ёсць дзеці, маці і іншыя, якія гэта бачаць, ды і людзі, якія мне вераць, якія гэта ўсё бачаць, і для іх гэта балюча".

Кацярына Трафімаўна Лукашэнка

У чарговай кнізе Мікалая Жыгоцкага пра Александра Лукашэнку, якая выйшла ў 2013 годзе, ёсць выразкі размоваў аўтара з Кацярынай Трафімаўнай.

"У сваім сялянскім жыцці я прывыкла да паслядоўнасці ў вялікім і малым. Так і сына свайго прызвычаіла: ісці сярэднім шляхам, ён самы надзейны ― і палку не перагнеш, і дроў не наломіш. І самае галоўнае ва ўсіх справах ― надзея на Бога і на свае рукі", — казала маці кіраўніка Беларусі.

Аўтар кнігі перадае словы былога старшыні калгаса Мікалая Сматрыцкага: "Прыйдзе Трафімаўна: касу пакляпі — вось і ўся дапамога. Высокая, моцная. З характарам, ніколі нікога не прасіла. Сякеру ў руках трымала па-мужыцку і касу таксама. Дзесяць сотак выкасіць — не змакрэе. Лукашэнкі — дужая парода".

І далей ужо распавядае ад сябе: "Кацярына Трафімаўна імкнулася, каб сын заўсёды знаходзіўся ў полі яе зроку, быў накормлены і апрануты. Яна душы не чула ў Сашы. Пасля таго, як рассталася з яго бацькам, хлопец стаў адзінай надзеяй, радасцю. Таму і працавала на ўсе жылы. Уставала ў 4 гадзіны раніцы, а спаць клалася за поўнач".

Нагадаем, напрыканцы 90-х папаўзлі плёткі, што Аляксандр Лукашэнка перавёз маці з Александрыі ў Мінск. А ў 1999-м годзе пабудаваў для яе дом з высокім заборам і аховай на праспекце Машэрава. На першым паверсе будынка ў 303,7 кв. м. быў пярэдні пакой, хол, дзве спальні, гасціная, кухня-сталовая ды ванная з санвузлом. У сутарэнні дома па праекце знаходзяцца сауна, пакоі для адпачынку, пральная, тры каморкі і прыбіральня. На ўчастку плошчай каля 20 сотак змяшчаецца гаспадарчая забудова плошчай 51 кв.м. з дзвюма каморамі, летняй кухняй, памяшканнем для каровы, памяшканнем для птушкі ды пляцоўкай для выпасу птушкі. Але фактычнага доказаў, што ў гэтым доме жыла Кацярына Трафімаўна, так і не з’явілася.

Фота: sb.by, kp.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі