Выбухі ў акупаваным Мелітопалі і баі за Бахмут — 399-я раніца вайны

Асноўныя баі зараз ідуць ля Белагораўкі, Бахмута, Аўдзееўкі, Мар'інкі / ілюстрацыйнае фота facebook.com/GeneralStaff.ua
Асноўныя баі зараз ідуць ля Белагораўкі, Бахмута, Аўдзееўкі, Мар'інкі / ілюстрацыйнае фота facebook.com/GeneralStaff.ua

Гэтай раніцай выбухі грымелі ў акупаваным Мелітопалі. Частка горада і наваколля засталіся без святла. Пра гэта ў Telegram напісаў гарадскі галава Іван Фёдараў. Паводле яго слоў, у раёне падстанцыі лакаматыўнага дэпо пасля выбуху з'явіўся густы дым.

Тым часам Украіна сфармавала і ўкамплектавала першыя тры ўдарныя роты беспілотнікаў. Укамплектаваць іх дапамаглі партнёры, распавёў украінскі міністр лічбавай трансфармацыі Міхаіл Фёдараў. Усе беспілотнікі — украінскай вытворчасці. Але набыць абсталяванне дапамаглі прыватныя донары.

Гэтыя беспілотнікі, са слоў міністра, будуць выконваць выведвальныя і ўдарныя місіі: наводзіць артылерыю і дапамогуць вайскоўцам быць максімальна эфектыўнымі падчас гарадскіх баёў. Пікапы спатрэбяцца для рэйдаў мабільных груп у тыле ворага, дастаўкі грузаў і эвакуацыі параненых. А сістэмы Starlink дадуць бесперабойную сувязь на поле бою.

"Усё гэта — наша канкурэнтная перавага над расіянамі", — падкрэсліў Фёдараў.

Взрывы в оккупированном Мелитополе и бои за Бахмут — 399-е утро войны
Ва Украіне сфарміравалі першыя тры ўдарныя роты беспілотнікаў / @zedigital

Асноўныя баявыя дзеянні зараз ідуць ля Белагораўкі, Бахмута, Аўдзееўкі, Мар'інкі. За мінулыя суткі падраздзяленнямі Сіл абароны Украіны адбілі 57 нападаў праціўніка. Пра гэта гаворыцца ў ранішняй зводцы Генштаба УСУ. Пры гэтым украінскія вайскоўцы сцвярджаюць, што апошнім часам "назіраецца тэндэнцыя, калі расійскія захопнікі адмаўляюцца выконваць загады камандзіраў". Так, 23 сакавіка, паводле іх звестак, за адмову выконваць заданне былі абяззброеныя і дастаўленыя ў Макееўку Данецкай вобласці блізу 70 чалавек з расійскіх добраахвотніцкіх фармаванняў. А 25 сакавіка выконваць загад адмовіўся асабісты склад роты выведкі. Гэта адбылося ўжо на Аўдзееўскім кірунку.

Тым не менш расіяне працягваюць штурмаваць Бахмут. Паводле ацэнак Інстытута вывучэння вайны, за апошні тыдзень расіяне ўзялі пад кантроль яшчэ каля 5% Бахмута. Цяпер яны займаюць каля 65% тэрыторыі горада. З поўдня часткі групы "Вагнер" прасунуліся да самага цэнтра, рынку і Палаца культуры, размешчанага побач з будынкам гарсавета. На паўночным захадзе горада яны цалкам узялі тэрыторыю завода па апрацоўцы каляровых металаў і прасунуліся ў прамзону на поўдзень.

Взрывы в оккупированном Мелитополе и бои за Бахмут — 399-е утро войны
Сітуацыя ў Бахмуце / understandingwar.org

У ЗША мяркуюць, што ўзброеныя сілы Украіны маюць "вельмі добрыя шанцы" для паспяховага контрнаступлення вясной гэтага года. Пра гэта заявіў падчас слуханняў у Камітэце Сената міністр абароны Злучаных Штатаў Лойд Осцін.

"Украінцы нанеслі расіянам значныя страты, знясіліўшы іх запасы бронетэхнікі так, як ніхто ніколі не мог сабе ўявіць. І цяпер мы бачым, што Расія раскансервуе танкі Т-54 і Т-55 праз узровень страт", — адзначыў кіраўнік Пентагона. На яго думку, вясной умовы для манеўравання палепшацца, а таму баявыя дзеянні актывізуюцца. "Я думаю, што Украіна будзе мець вельмі добрыя шанцы на поспех", — падкрэсліў Осцін.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі напярэдадні быў у Сумскай вобласці. Правёў тут нараду аб абароне памежных рэгіёнаў, "аб узмацненні памежнікаў, якія разам з усімі Сіламі абароны ваююць на перадавой". Пра гэта Зяленскі распавёў у вячэрнім відэазвароце. 

Hromadske нагадвае, што расіяне рэгулярна абстрэльваюць Сумскую і Чарнігаўскую вобласці, хоць адступілі з іх вясной 2022 года. The New York Times раней са спасылкай на ўкраінскую выведку пісаў, што расіяне могуць паспрабаваць адкрыць новы фронт вакол Сум і ў Харкаўскай вобласці, каб адцягнуць абарону Украіны. Расія да гэтага часу ўтрымлівае некаторыя свае падраздзяленні ў прыгранічных раёнах Бранскай і Курскай абласцей.

Ва Украіне падлічылі дзяцей, якія дагэтуль лічацца незаконна дэпартаваным з краіны. Іх 19 514. Такія звесткі агучылі ў Нацыянальным інфармацыйным бюро пры Міністэрстве рэінтэграцыі краіны.

Акрамя таго на часова акупаваных тэрыторыях і ў Расіі знаходзяцца каля 4390 статусных дзяцей, сярод якіх дзеці-сіроты і дзеці, пазбаўленыя бацькоўскай апекі.

Нагадаем, 17 сакавіка Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаў ордэр на арышт расійскага прэзідэнта Уладзіміра Пуціна і ўпаўнаважанай у справах дзяцей Марыі Львовай-Бяловай. Іх падазраюць у незаконным вывазе ўкраінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторый у Расію.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі