Вясковец прыйшоў на дыскатэку са стрэльбай, калі яму адмовіліся паставіць песню

Вясковец прыйшоў на дыскатэку са стрэльбай, калі яму адмовіліся паставіць песню

Жыхар Столінскага раёна прыйшоў на дыскатэку ў мясцовы дом культуры з паляўнічай стрэльбай, паведамляе УУС Брэсцкага аблвыканкама. 

Па словах міліцыянтаў, нецвярозы вясковец прыйшоў у клуб і папрасіў загадчыка паставіць песню "Седая ночь". Яго просьбу задаволілі, больш за тое — песню паставілі некалькі разоў. Але на чарговую просьбу паставіць тую ж самую песню мужчына атрымаў адмову. Яго папрасілі пакінуць дом культуры. 

Вясковец сышоў, але неўзабаве вярнуўся з паляўнічай стрэльбай у руках і стаў пагражаць загадчыку. Сітуацыю выратаваў сын загадчыка клуба. Хлопец схапіўся за дубальтоўку і адвёў яе ўбок. У мужчыны забралі зброю і выклікалі міліцыянтаў.

Цяпер на яго пачалі крымінальную справу па факце хуліганства з пагрозай прымянення зброі. Вядома, што раней вясковец быў паляўнічым, аднак некалькі гадоў таму ён не працягнуў ліцэнзію, таму яго пазбавілі стрэльбы. Праваахоўнікам належыць высветліць, адкуль ён узяў новую. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі