Вярхоўны суд не падтрымаў скаргу партыі "Справядлівы свет" на Мінюст

Партыю "Справядлівы свет" узначальвае Сяргей Калякін (у цэнтры)

Партыю "Справядлівы свет" узначальвае Сяргей Калякін (у цэнтры) / spravmir.org

Вярхоўны суд Беларусі адмовіў Беларускай партыі левых "Справядлівы свет" у задавальненні скаргі на рашэнне Міністэрства юстыцыі, паведамляе "Радыё Свабода". Мінюст раней адмовіў у перарэгістрацыі гэтай партыі, таму што сярод пададзеных дакументаў не было спіса чальцоў. У "Справядлівым свеце" гэты крок патлумачылі меркаваннямі бяспекі. Пры гэтым "Справядлівы свет" застаецца апошняй з дэмакратычных партый, якая яшчэ пакуль не закрытая рашэннем Вярхоўнага суда. Дата разгляду іску аб яе ліквідацыі пакуль не прызначаная.

Сёлета — пасля прыняцця абноўленага закона "Аб палітычных партыях", які ўвёў новыя патрабаванні да рэгістрацыі — былі адмененыя рэгістрацыі дзесяці палітычных партый: Кансерватыўна-Хрысціянскай партыі БНФ, Беларускай партыі "Зялёныя", партыі "Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада", партыі БНФ, Аб'яднанай грамадзянскай партыі і шэрагу іншых.

Прайсці перарэгістрацыю змаглі толькі праўладныя Камуністычная партыя Беларусі, Ліберальна-дэмакратычная партыя, Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці. Акрамя таго, зарэгістравалі лаяльную Аляксандру Лукашэнку партыю "Белая Русь". Раней у лютым 2023-га, пасля падпісання абноўленага закона, міністр юстыцыі Сяргей Хаменка гаварыў, што колькасць партый пасля перарэгістрацыі зменшыцца да "трох-чатырох".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі