Вядоўца на заробак ад $100: дзяржСМІ спрабуюць закрыць дзясяткі вакансій

Пратэст супрацоўнікаў дзяржаўнага тэлебачання ў жніўні / Еўрарадыё
Пратэст супрацоўнікаў дзяржаўнага тэлебачання ў жніўні / Еўрарадыё

Пасля прэзідэнцкіх выбараў беларускія дзяржаўныя СМІ страцілі сур'ёзную частку супрацоўнікаў. У знак пратэсту супраць фальсіфікацый і гвалту дзясяткі работнікаў газет, радыё і тэлеканалаў вырашылі звольніцца. На нейкі час у Мінск нават прыязджала група з расійскага тэлеканала RT — дапамагчы "ў цяжкую хвіліну".

Але падначаленыя Маргарыты Сіманьян ужо з'ехалі, а камплектаваць штат неяк трэба. Колькіх супрацоўнікаў не хапае дзяржаўным СМІ і каго яны шукаюць, высвятляла Еўрарадыё.

"Стаж, які патрабуецца, — 10 гадоў"

У дзяржаўнай службе занятасці зарэгістравана 17 вакансій выдавецкага дома "Беларусь сегодня", у які ўваходзяць газета "СБ. Беларусь сегодня", "Рэспубліка", "Сельская газета", "Альфа-Радио" і яшчэ некалькі медыя.

Напрыклад, патрабуюцца адразу чатыры аглядальнікі. Патрабаванне — "стаж працы ў друкаваных СМІ не менш за 10 гадоў". Таксама патрэбныя па два ўласныя карэспандэнты і стылістычныя рэдактары. Акрамя таго, шукаюць карэктараў, рэдактараў, сістэмных адміністратараў і іншых работнікаў.

Вядоўцу для "Альфа-Радио" шукаюць на заробак ад 265 рублёў.

Наогул, зарплаты ў гэтых вакансіях заяўлены больш чым сціплыя. Напрыклад, ад 465 рублёў для аглядальніка. Тут галоўны газетны холдынг какетнічае: па звестках Еўрарадыё, супрацоўнікі "Беларусь сегодня" атрымліваюць больш, многія з тых, хто піша, — больш за сярэднюю зарплату па краіне.

Агенцтва "Минск-Новости", якое займаецца навінавым сайтам, радыё і дзвюма газетамі, у службе занятасці вакансій не размяшчала, але шукае работнікаў праз іншыя сэрвісы. У тым ліку — карэспандэнтаў. Ёсць вакансіі і ў ваенным інфармагенцтве "Ваяр".

БТ: трэба 10 карэспандэнтаў і 11 рэдактараў

Больш як 100 чалавек не хапае ў Белтэлерадыёкампаніі. Яна зарэгістравала ў дзяржаўнай службе занятасці адразу 103 вакансіі. Медыяхолдынг шукае спецыялістаў практычна ва ўсіх галінах: маркетолагаў, сакратароў, гукарэжысёраў, інжынераў, прадзюсараў, палітычных аглядальнікаў. Адкрыта адразу 10 вакансій для карэспандэнтаў і 11 — для рэдактараў.

Спецыфічных патрабаванняў у апісаннях вакансій наймальнік не пазначае. Чым яны будуць займацца, таксама не да канца зразумела. Напрыклад, шукаюць "галоўнага дырэктара", але якой з дырэкцый — не напісана.

Заробкі, як і ў выпадку з "Беларусь сегодня", пазначаны маленькія: самы высокі — для таго ж "галоўнага дырэктара" (ад 465 рублёў). У цэлым жа абяцанні пачынаюцца ад "мінімалкі". Ну а далей, магчыма, як хто дамовіцца з працадаўцам.

Вакансій ад АНТ і СТБ афіцыйна ў службе занятасці не зарэгістравана. Пры гэтым на сайце СТБ паведамляецца пра тое, што яны шукаюць рэжысёра і графічнага дызайнера.

Мяркуючы па сайце АНТ, вакансіі там таксама ёсць: для інжынераў, рэдактараў, карэспандэнтаў і прадзюсараў. Звестак пра агульную колькасць пустых ставак і магчымыя заробкі тэлекампанія не публікуе.

Акрамя таго, сёння шукаюць супрацоўнікаў многія рэгіянальныя дзяржвыданні. Аднак у іх хранічны дэфіцыт кадраў, ён назіраўся задоўга да палітычнага крызісу.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі