Вы тут

Воўк зачасціў у вёску ў Пінскім раёне — атакаваў людзей

Ад ваўка ў Пінскім раёне пацярпелі некалькі чалавек​ / pixabay.com

Усе экстранныя службы — міліцыя, хуткая дапамога і МНС — з'ехаліся напярэдадні ў вёску Ласіцк Пінскага раёна. Тут быў заўважаны воўк, які заходзіў у вёску і атакаваў людзей, распавялі ў мясцовым райвыканкаме.

Напярэдадні ў другой палове дня ён напаў на дзвюх жанчын, якія ішлі па ўскраіне вёскі. Жанчыны закрычалі, прыбеглі мужчыны з віламі і дапамаглі адбіцца ад звера. Але воўк далёка не сышоў — вярнуўся ў вёску і напаў на яшчэ адну жанчыну, пакусаў яе.

Медыкі зафіксавалі ва ўсіх жанчын раны і траўмы. Пазней стала вядома, што воўк напаў у вёсцы яшчэ на сабаку і казу.

Былі арганізаваны пошукі звера. Яго шукалі міліцыя, егеры з лясніцтва і прадстаўнікі мясцовай філіі Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў. Мясцовых жыхароў папрасілі на час ўстрымацца ад прагулак і не выходзіць з дома ў цёмны час сутак. У выніку ваўка застрэлілі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.