Вы тут

Віктар Бабарыка: следчы пагражаў перакваліфікаваць артыкул у "расстрэльны"

Віктар Бабарыка на судзе / прэс-служба Бабарыкі

На судзе над Віктарам Бабарыкам і топ-менеджарам "Белгазпрамбанка" агучылі скаргі абароны на працэсуальныя парушэнні і парушэнні правоў Бабарыкі на папярэднім расследаванні.

У жніўні, як піша TUT.by, экс-кіраўнік банка скардзіўся, што з ім праводзілі гутаркі без адваката і афармлення дакументаў. У скарзе згаданыя два эпізоды ў ліпені і жніўні 2020-га.

Падчас гэтых гутарак кіраўнік следчай групы стараўся дыскрэдытаваць адвакатаў Бабарыкі і казаў, што яны шкодзяць свайму падабароннаму. Калі Бабарыка адмовіцца ад дачы паказанняў, яму пагражалі прысудам у выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін не менш як тры чвэрці ад 15 гадоў.

Са словаў Бабарыкі ў скарзе пазначана, што пасля выбараў следчы заяўляў, быццам той "задумаў гульню ў прэзідэнцтва" і што "гэта вылілася ў дэманстрацыі, дзе загінулі людзі". Ён нават казаў, што артыкул абвінавачання Бабарыку могуць перакваліфікаваць "ажно да расстрэльнага". Пры гэтым вяліся гаворкі пра "дзяржаўны пераварот, які пацягнуў чалавечыя ахвяры".

Скарга Бабарыкі была адрасаваная ў Генпракуратуру. Але яе перадалі для разгляду ў следчае ўпраўленне КДБ, а там палічылі неабгрунтаванай.

Віктара Бабарыку вінавацяць у атрыманні хабару ў асабліва буйным памеры і "адмыванні" грошай, атрыманых злачынным шляхам. Разам з ім па "справе Белгазпрамбанка" праходзяць яшчэ сем чалавек. Усе акрамя Бабарыкі прызналі сваю віну.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.