Віцябляніна асудзілі на 15 гадоў за намер учыніць тэракт на чыгунцы

Чыгунка / pixabay.com

"Рэйкавы партызан" з Віцебска асуджаны на 15 гадоў пазбаўлення волі. Таксама ён павінен заплаціць штраф у 9600 рублёў (300 базавых велічыняў).

Як паведамляе прэс-служба Следчага камітэта гаворка ідзе пра 50-гадовага экс-супрацоўніка Віцебскага аддзялення Беларускай чыгункі.

У лютым 2022 года ён, паводле следчых, "прыдумаў план тэракту на чыгунцы і шукаў аднадумцаў сярод сваіх калег, схіляў іх да здзяйснення цяжкіх злачынстваў". У прыватнасці, мужчына прапанаваў спасаваць тэхніку: сродкі тэлефоннай і тэлеграфнай сувязі, камутацыйны сервер і праграмны камутатар — усё гэта выкарыстоўваецца для бяспечнага руху транспарту на чыгунцы.

Як вынікае з паведамлення СК, учыніць тэракт чыгуначнік не змог, бо яго затрымалі супрацоўнікі ГУБАЗіК.

Падчас расследавання выявілася, што віцяблянін у сацсетках выступаў супраць вайны, якую Расія пачала ва Украіне: "распальваў сацыяльную варожасць у інтэрнэце на глебе правядзення Расійскай Федэрацыяй спецыяльнай ваеннай аперацыі і заклікаў карыстальнікаў да цкавання грамадзян суседняй дзяржавы".

Яму выставілі абвінавачанне па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэкса:

ч. 1 арт. 130 (распальванне расавай, нацыянальнай, альбо іншай сацыяльнай варожасці або варожасці);
ч. 1 арт. 13, ч. 2 арт. 289 (падрыхтоўка да здзяйснення акту тэрарызму);
ч. 1 арт. 13, ч. 4 арт. 309 (падрыхтоўка да наўмыснага прывядзення ў непрыдатнасць транспартнага сродку або шляхоў злучэння, у мэтах здзяйснення акта тэрарызму).

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.