Узброены вызваленчы рух Беларусі — гэта шлях да грамадзянскай вайны?

Адным з альтэрнатыўных варыянтаў змены ўлады ў Беларусі прапаноўваецца стварэнне ўзброенага нацыянальнага вызваленчага руху. А ці не адгукнецца гэта зацяжной грамадзянскай вайной і беспаваротным расколам у грамадстве?

— Аглядаючыся на падзеі 2020 года, калі ўсё толькі развівалася і калі былі значныя пратэсты, то, у прынцыпе, тады не адчувалася ніякага расколу ў беларускім грамадстве, — расказвае ў эфіры Еўрарадыё кіраўнік Кабінета прадстаўнікоў Офіса Святланы Ціханоўскай Валерый Кавалеўскі. — Толькі фактычна за апошнія два гады мы можам сказаць, што раскол пачаў праяўляцца праз пракачку прапагандай нянавісці да “пратэстуноў”, “беглых” і гэтак далей. Тым не менш ён [раскол] мне не здаецца натуральным і арганічным. Я думаю, што беларусы будуць пазбягаць таго, каб уступаць ва ўзброенае супрацьстаянне.

Хаця, канешне, мы не можам забыць пра тое, як адна частка грамадства, у тым ліку сілавікі, абрушылася ўсёй сваёй сілай на мірных пратэстоўцаў. Фактычна ў той час можна было казаць, што ёсць такое грамадзянскае супрацьстаянне. Але калі гаварыць пра ўзброенае супрацьстаянне, то я вельмі спадзяюся, што да гэтага не дойдзе.

Больш за тое, я ўпэўнены, што калі будзе паказана сапраўдная сіла, якую будуць ацэньваць не толькі чыноўнікі, але і сілавікі, калі яны будуць разумець, што гэта не проста жанчыны і бяззбройныя людзі супраць іх, то разлікі будуць зусім іншыя. Гэтак жа сама, як на сённяшні дзень беларускія Узброеныя сілы не вельмі хочуць ісці ва Украіну, таму што яны ведаюць, што іх там чакае. Чакае добра падрыхтаваная, дасведчаная ўкраінская армія, якая вельмі матываваная, якая ведае свае мэты і задачы. Я думаю, гэта тое, над чым будзем працаваць і мы: над матывацыяй, над разуменнем сваіх мэтаў і задач.

Ці трэба ствараць нацыянальнае ўзброенае фармаванне?

— Сіла заўсёды паважаецца. І мы гэта асабліва разумеем, калі бачым, як абараняецца Украіна. Нават супраць такой моцнай ваеннай машыны, як расійская — якая, ва ўсякім разе, здавалася моцнай, — украінцы паказваюць, што іх ёсць за што паважаць. І не толькі расійскім вайскоўцам, але і іншым краінам, якія прыглядаюцца і бяруць на заметку. Нам таксама трэба быць моцнымі. Чаму мы павінны быць выключна мяккімі і кампраміснымі? Мы таксама павінны паказваць сілу, рашучасць, настрой на тое, што мы хочам вярнуць беларусам краіну. Каб яны [беларусы], у рэшце рэшт аднавілі сваю ўладу, як гэта прапісана ў Канстытуцыі, што ўлада ў нашай краіне належыць беларускаму народу, — рэзюмуе Валерый Кавалеўскі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.