Упала больш за 160 дрэў, пашкоджана каля 30 аўто — МНС пра наступствы непагадзі

Вецер пашкодзіў прыпынак у Брэсце / mchs.gov.by​
Вецер пашкодзіў прыпынак у Брэсце / mchs.gov.by​

Як мінімум два чалавекі сур'ёзна пацярпелі праз учорашнюю непагадзь. У шэрагу рэгіёнаў Беларусі ў аўторак назіраліся моцны вецер і абледзяненне ліній электраперадач.

У Брэсце моцны вецер сарваў навес прыпынку. Канструкцыя ўпала на дзвюх жанчын. З траўмамі рознай ступені цяжкасці іх забралі ў лякарню, паведамілі ў МНС.  

Моцны вецер валіў дрэвы. Выратавальнікі зафіксавалі 163 такія выпадкі, большасць з іх (106) прыпала на Віцебскую вобласць. Паваленымі дрэвамі былі пашкоджаныя 28 аўтамабіляў, з іх 22 — зноў жа ў Віцебскай вобласці.

Дрэвы падалі і на чыгуначныя шляхі, і на паветраныя лініі электраперадач.  Каля 10 пасажырскіх цягнікоў прыбылі на канечныя станцыі з затрымкай — спазненне склала ад 18 хвілін да 1 гадзіны 14 хвілін.

У Магілёве спыняўся грамадскі транспарт — праз наліпанне лёду на лініі на маршрут не выйшлі 76 тралейбусаў. Гарадскім уладам давядося дадаткова задзейнічаць аўтобусы.

Праз непагадзь, паводле дадзеных "Белэнерга", праблемы з электрычнасцю паўсталі ў 1627 населеных пунктах. Па стане на 8 гадзін раніцы без электразабеспячэння заставаліся 716 населеных пунктаў у Віцебскай, Гомельскай, Мінскай і Магілёўскай абласцях.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі