Вы тут

Украінскія ўлады збіраюцца нацыяналізаваць беларускае судна

"Надзея" / dbr.gov.ua

Украінскія ўлады збіраюцца нацыяналізаваць беларускае судна "Надзея". Як паведамляе Дзяржаўнае бюро расследаванняў Украіны, яно "выконвала аперацыі для РФ у водах Украіны".

Супрацоўнікі ДБР з Мікалаева разам з памежнікамі "выявілі" "Надзею" і сухагрузную баржу ў акваторыі ізмаільскага порта ў Адэскай вобласці. Сцвярджаецца, што яны "былі задзейнічаны ў лагістычных аперацыях РФ на рацэ Дунай".

"Надзея" — гэта адзіны беларускі карабель класа "рака-мора". У апошнія гады цеплаход працаваў на Дунаі. Яго пабудавалі ў 2002 годзе для перавозак угнаенняў у чарнаморскія парты. Але выкарыстоўваць яго па прызначэнні не атрымлівалася, бо ўзровень вады ў Прыпяці аказаўся нізкім.

Паколькі Беларусь з'яўляецца саюзнікам Расіі, якая напала на Украіну, украінскія ўлады ўжо другі месяц займаюцца пошукам і канфіскацыяй беларускай маёмасці. У сакавіку стала вядома пра сталь і калійныя ўгнаенні з Беларусі, якія былі забраныя "для дзяржаўных патрэб". Украіна канфіскуе тысячы вагонаў і цыстэрнаў з РБ і РФ. Мінск спрабаваў нешта вярнуць, але тая ж Украінская чыгунка заявіла, што нічога не верне.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.