Прыватнае прадпрыемства мужчыны аказвала паслугі з выкарыстаннем надзіманага гульнявога абсталявання. Летам мінулага года абласныя ўлады далі яму дазвол на аказанне паслуг на свяце "Александрыя збірае сяброў" і на рэспубліканскім "Купаллі". На адкрытай пляцоўцы ў аграгарадку Александрыя былі ўсталяваныя атракцыёны, якія пачалі працаваць 10 ліпеня. Сцвярджаецца, што дырэктар прадпрыемства ведаў, што ў надзіманым абсталяванні "элементы жорсткага мацавання выраблены самаробным спосабам і не адпавядаюць устаноўленым патрабаванням", а гэта стварала пагрозу бяспекі кліентаў.
У выніку падчас свята парыў ветру сарваў надзіманы атракцыён і падняў яго ў паветра. Пракуратура піша, што пацярпела дзяўчынка 2009 года нараджэння. У яе "менш цяжкія цялесныя пашкоджанні", як і ў мужчыны 2001 года нараджэння. Прадпрымальнік не знаходзіцца за кратамі, яму абралі меру стрымання ў выглядзе закладу.
Еўрарадыё пісала, як у разгар свята вецер падняў вялізныя надзіманыя батуты, на якіх былі дзеці, у паветра. Яны некалькі разоў перавярнуліся і паваліліся на зямлю. У бальніцу для агляду завезлі сем чалавек.
Мужчыну, які зняў на відэа інцыдэнт з атракцыёнамі ў Александрыі, асудзілі на адміністрацыйны арышт.