У Польшчы асудзілі беларуса, які насмерць збіў раварыстку ў Познані

Суд над беларусам у Польшчы

Суд над беларусам у Польшчы / gloswielkopolski.pl

Беларуса Аляксандра С., які год таму збіў у Познані на пераходзе раварыстку, асудзілі на шэсць з паловай гадоў пазбаўлення волі.

Як піша Gloswielkopolski, пракурор прасіў прысудзіць на год болей. Суд даў менш, бо вырашыў, што ДТЗ абвінавачаны справакаваў не наўмысна.

Таксама нашаму суайчынніку пажыццёва забаронена кіраваць аўтамабілем. Мужчына павінен выплаціць кампенсацыю сваякам ахвяры — 30 000 злотых (18,5 тысячы рублёў) і яшчэ 5000 злотых (3 тысячы рублёў) у Фонд дапамогі ахвярам і постпенітэнцыярнай дапамогі.

Трагедыя адбылася летась у лютым. 27-гадовая раварыстка ехала праз дарогу на вуліцы Дамброўскага па спецыяльнай зоне для раварыстаў. У гэты час у яе ўрэзаўся аўтамабіль Uber, за рулём якога быў 35-гадовы беларус. Выратаваць жыццё дзяўчыне не змаглі.

Экспертыза выявіла, што кіроўца перавысіў хуткасць: рэканструкцыя аварыі паказала, што ён ехаў з хуткасцю 67 кіламетраў за гадзіну. Таксама ў крыві беларуса выявілі сляды марыхуаны.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі