У МУС расказалі пра вынікі праверкі ўцечкі інфармацыі на алімпіядзе па геаграфіі

У МУС расказалі пра вынікі праверкі ўцечкі інфармацыі на алімпіядзе па геаграфіі

У Міністэрстве ўнутраных спраў Беларусі расказалі пра вынікі праверкі ўцечкі інфармацыі на рэспубліканскай алімпіядзе па геаграфіі. Яна пачалася пасля звароту Міністэрства адукацыі і працягвалася больш за тры месяцы. Уцечка была, але карупцыі выяўлена не было, інфармуе прэс-служба МУС.

Праверкай займаліся супрацоўнікі аддзела па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі ў Гродне, а пасля матэрыялы перадалі ў сталіцу. Апытваліся выкладчыкі, вучні, прадстаўнікі Мінадукацыі. Крымінальная справа не распачыналася, паколькі ні карупцыйных злачынстваў, ні разгалошвання службовай таямніцы не было. Былі пакараныя некалькі выкладчыкаў: кагосьці пазбавілі прэміі, кагосьці звольнілі.

Міліцыя тлумачыць, якім чынам адбылася ўцечка інфармацыі. Выкладчыкі з Гродна прыязджалі ў Мінск. Кансультацыю для іх праводзіў выкладчык аднаго з ВНУ сталіцы, які быў задзейнічаны ў распрацоўцы пытанняў для алімпіяды. Адзін з гродзенцаў, які з ім сябраваў, з калегам прыехаў да яго дахаты. Там яны і пачулі ад гаспадара кватэры пра магчымыя пытанні і адказы (а выкладчык даваў распіску аб неразгалошванні гэтых звестак). Госці зрабілі запісы пачутага. Пазней адзін з гродзенцаў падзяліўся гэтай інфармацыяй з адным з вучняў, а той — з таварышамі.

Вынікі рэспубліканскай алімпіяды па геаграфіі цалкам ануляваныя. МУС накіруе ў Мінадукацыі ліст з прапановамі па недапушчэнні ў будучыні падобных парушэнняў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі