У Мінску на вуліцах пахне гаўном. Тлумачым чаму

У Мінску на вуліцах пахне гаўном. Тлумачым чаму

У Мінску зноў пахне гаўном. І на ўскраінах, і ў цэнтры горада: паўсюль. Турыста, які выходзіць з чыгуначнага вакзала, пах гаўна прымушае раз-пораз глядзець на свае падэшвы: ці не наступіў на нешта? Але не, не наступіў. Гэта проста Мінск.

Тутэйшыя на свае падэшвы даўно ўжо не глядзяць. Прызвычаіліся і ведаюць, што нічога на іх няма. А пах гаўна ёсць.

На ўстойлівы непрыемны пах у розных раёнах горада мінчане штогод скардзяцца па некалькі разоў. Адны думаюць, што гэта з каналізацыі, іншыя — што ад сабачак, за якімі не прыбіраюць гаспадары, трэція — што ўся справа ў рускім рэпе. А на пачатку 2000-х нават з’явілася гарадская легенда, што ўвесну і ўвосень у Мінск прыходзіць супергерой Чалавек-гаўно. Уласна кажучы, на гэтым гісторыя і сканчаецца.

А калі сур’ёзна: чаму ў Мінску пахне гаўном?

У Мінскім гарадскім камітэце прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя лічаць, што прычына ва ўгнаеннях, якія раскідваюцца па палях вакол Мінска.

"Бліжэйшыя калгасы вывозяць угнаенні на палі. З той жа птушкафабрыкі зараз вывозяць на палі, якія якраз уздоўж кальцавой знаходзяцца”, — канкрэтызуе намесніца старшыні камітэта Наталля Алейнікава.

Прагучала важнае слова: птушкафабрыка.

На Мінскай птушкафабрыцы №1 пацвярджаюць, што цяпер яны багата ўгнойваюць палі. Намеснік генеральнага дырэктара па раслінаводстве Валерый Ялуга распавядае Еўрарадыё, што цяпер актыўны перыяд падрыхтоўкі палёў перад зімой.

"Мы ўгнойваем палі за кальцавой. Гэта раён былога сметніка, на поўначы [14 верасня вецер якраз паўночны і паўночна-заходні. — Еўрарадыё]. Штодня мы ўгнойваем гектараў дваццаць. Але не ведаю, чым там у вас у горадзе пахне. Я тут па тэрыторыі езджу, хаджу — паху няма".

Натуральныя ўгнаенні трапляюць з птушкафабрыкі на навакольныя палі, а пах ад іх — на вуліцы Мінска. IT-краіна, ХХI стагоддзе.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі