У Мінску адкрылася выстава беларускага мастака з Бельгіі (фота)

Ігар Цішын упершыню за 11 гадоў прывёз свае карціны на Радзіму. 30 верасня ў сталічным Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва адкрылася выстава Ігара Цішына “Мэта”. Сам мастак цяпер жыве і працуе ў Бельгіі. Яго апошняя выстава ў Мінску адбылася аж у 1999 годзе. Таму аматары з нецярпеннем чакалі на новыя працы Цішына. Экспазіцыю наведалі ў асноўным мастакі і мастацтвазнаўцы. Прысутнічала шмат журналістаў і невялікая колькасць проста зацікаўленых людзей.



“Да сучаснага мастацтва я стаўлюся вельмі добра. Гэта своеасаблівы погляд. Класіка класікай, а сучасны погляд на штодзённыя рэчы і падача дастаткова неардынарная. Таму ўражанне робіць, — кажа адна з наведвальніц выставы. — Нельга сказаць, што гэта падабаецца — гэта цікава. Гэта жыццёвае крэда, мабыць, аўтара і жаданне завастрыць увагу на якіх-небудзь праблемах. Асабліва ўсё, што звязана з вёскай, з яе заняпадам. Усё гэта вярэдзіць, трывожыць. Я лічу, што гэта трэба паказваць”.

“Гэта сугучна маёй душы, — разважае дзяўчына. — Мне здаецца, што вось гэта — трэшавая рэальнасць. Гэта ёсць нашая рэальнасць — беларуская. Таму мне здаецца, што гэта аўтэнтычны беларускі прадукт. Нягледзячы на тое, што ён мае знешнія прыкметы экспрэсіянізму, дадаізму”.

Творцы ставіліся да ўбачанага больш скептычна. На думку мастака Рыгора Таболіча, у нашай краіне склалася такая тэндэнцыя, што калі аўтар пабываў на Захадзе, тут яго сустракаюць, як генія. Хаця, лічыць Таболіч, у нас існуюць куды больш моцныя мастакі.

Таболіч: “Ігара я ведаю, як кажуць, са студэнцкай лаўкі. Ён праявіў сябе дастаткова цікавым малявальшчыкам. На ранняй стадыі ён рэзка захапіўся канцэптуальным мастацтвам, у напрамку сучаснага экспрэсіянізму. Развіў гэтую тэму і стаў пазнавальным. І ўсё ж такі гэта даніна модзе. У гэтым рэчышчы сур’ёзнае мастацтва ператварылася ў нейкую дзяцінасць, папсу. Гэта ўжо даўно пратаптаныя дарожкі, на Захадзе ўвогуле. Я хачу бачыць яркую асобу мастака, індывідуальную праяву ўласнага адчування свету”.


Рыгор Таболіч і Ігар Цішын

Самае галоўнае, паводле меркавання Таболіча, што Цішын — мастак арыгінальны і неабыякавы.

“Я ўбачыў таго ж Цішына з той жа не зусім расхрыстанай душой, —
дзеліцца ўражаннямі Фёдар Ястраб. — Усе яго працы на мяжы пачуццёвай і інтэлектуальнай асновы. Для нашага гледача, які выхаваны на вельмі прыстойным мастацтве, выстава калі не здзіўляе, то дае магчымасць і крышку паварушыць мазгамі, і крышку адкрыць сваю душу насустрач мастацтву”.

Сам Ігар Цішын лічыць, што перспектывы для развіцця мастацтва ёсць паўсюль. Галоўнае, каб у творцы было жаданне нешта рабіць, каб быў інтарэс. Тады знойдуцца людзі ў любых краінах, якія зацікавяцца гэтым. Таму карысна калі-некалі і аддаляцца ад родных мясцін, каб паглядзець на ўсё з боку.












Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі