Вы тут

У Грузіі вызвалілі беларусак, якіх трымалі ў працоўным рабстве

Беларусак трымалі ў працоўным рабстве ў Грузіі / pixabay.com, ілюстрацыйнае фота

У Грузіі вызвалілі беларусак, якіх трымалі ў працоўным рабстве. Гэта адбылося пасля таго, як у беларускую міліцыю звярнуўся 40-гадовы мінчук, перадае прэс-служба МУС.

Мужчына расказаў, што яго былую жонку з дзвюма дочкамі (7 і 18 гадоў) сілай трымаюць у Грузіі і прымушаюць да цяжкай фізічнай працы. Пра гэта ён даведаўся з тэлефанавання старэйшай дачкі. Дзяўчына перадала свае каардынаты і дадала, што яе хочуць сілком выдаць замуж.

Выявілася, што некалькі гадоў жанчына перапісвалася ў сацсетках з замежнікам, які ўгаворваў яе прадаць кватэру і пераехаць жыць да яго ў Батумі. Прадаць кватэру яна не змагла. Тады замежнік купіў ёй і дочкам авіяквіткі на пачатак красавіка. Калі беларускі прыляцелі, іх пасялілі ў сельскай мясцовасці ў гарах, забралі грошы, сродкі сувязі, абмежавалі свабоду і прымушалі даглядаць за цяжкахворай маці мужчыны.

Мясцовыя праваахоўнікі вызвалілі "палонніц" і затрымалі мужчыну, які іх утрымліваў. 16 красавіка беларускі вярнуліся дадому.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.