У Брэсце кіраўніцтву кампаніі “АйПаўэр” прынеслі торт-акумулятар

У Брэсце кіраўніцтву кампаніі “АйПаўэр” прынеслі торт-акумулятар

Брэсцкія актывісты, якія выступаюць супраць будаўніцтва акумулятарнага завода “АйПаўэр”, спеклі торт у падарунак кіраўніцтву прадпрыемства. Торт зроблены ў выглядзе акумулятара. Да яго прымацаваная паперка — “дэкларацыя адпаведнасці” ад 2008 года.

Прадстаўнікі завода, які пабудаваны недалёка ад Брэста, увесь час запэўніваюць, што на вытворчасці будзе выкарыстана самае сучаснае абсталяванне і таму прадпрыемства не створыць пагрозаў для экалогіі. Але праціўнікі гэтага праекта звяртаюць увагу: сертыфікат на частку абсталявання на заводзе датаваны 2008 годам.

Па дакументах атрымалася выявіць, што мінула адзінаццаць гадоў, як было выпрабавана абсталяванне, якое “АйПаўэр” хоча выкарыстоўваць у Беларусі. Сертыфікат быў узяты ў Расіі, а само абсталяванне кітайскае. Кіраўніцтва “АйПаўэр” кажа, што на заводзе будзе інавацыйнае абсталяванне, але выглядае на тое, што яно ўжо 11 гадоў працуе ў розных месцах планеты. Сваёй чарговай акцыяй актывісты хацелі паказаць, што абсталяванне, якое паставілі ў Брэст, ужо даўно не сучаснае.

Работнікі “АйПаўэр” не зразумелі гумару і адмовіліся прыняць торт — яны выклікалі міліцыю. Пакуль што ніхто з актывістаў не затрыманы, паведамляе Белсат.

 

Больш важных і цікавых навінаў у праграме "Петарда" 15.01:

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі