У Берліне назвалі лепшыя беларускія фільмы

Беларускія кінематаграфісты і крытыкі ў Берліне / фота Дзмітрыя Брушко

Беларускія кінематаграфісты і крытыкі ў Берліне / фота Дзмітрыя Брушко / Дзмітрый Брушко

У Берліне ўручылі кінапрэміі "Чырвоны верас", якія раздаюць беларускія кінакрытыкі. Цырымонія адбывалася ў межах Берлінскага кінафестываля.

У конкурсе ўдзельнічалі 70 стужак, створаныя ў 2021 і 2022 гадах. Гэта гульнявыя, дакументальныя і анімацыйныя карціны кароткага і доўгага метру. Узнагароды ўручылі ў 13 катэгорыях.

Найлепшым гульнявым паўнаметражным фільмам стала стужка "Спатканне ў Мінску" Мікіты Лаўрэцкага, караткаметражным — "Смеццевая галава" Юрыя Сямашкі. Лепшымі дакументальнымі паўнаметражнымі карцінамі названыя "Мара" Сашы Кулак і "Смеласць" Аляксея Палуяна. У жанры "Лепшы дакументальны кароткаметражны фільм" перамаглі "Метадычка" Паўла Мажара і "Маладосць па-беларуску" Ксеніі Галубовіч. За лепшы анімацыйны фільм узнагароду атрымала Ната Карнеева.

Фільм Мары Тамковіч "У жывым эфіры", які заснаваны на рэальных падзеях лістапада 2020 года на мінскай Плошчы Перамен, атрымаў прэмію "Спецыяльная згадка"за віртуознае мастацкае адлюстраванне трагедыі цэлай краіны праз кароткі эпізод у мінскай кватэры. 

Кінапрэмія "Чырвоны верас" праводзіцца ў другі раз. Прэмія дэкларуе важнасць мастацтва кіно для беларускай культуры ды ў дэмакратычных пераменах у краіне.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі